Узгадненьне беларускага кандыдата на пасаду генэральнага сакратара АДКБ не завершана 

Станіслаў Зась

У сувязі з супярэчлівымі паведамленьнямі ў СМІ прэс-сакратар Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы Ўладзімір Зайнэтдзінаў пракамэнтаваў працэдуру прызначэньня новага кандыдата на пасаду генэральнага сакратара АДКБ.

Як нагадвае «Інтэрфакс», сёлета ў ліпені ерэванскі суд першай інстанцыі прыняў рашэньне арыштаваць тагачаснага генэральнага сакратара АДКБ Юрыя Хачатурава за спробу дзяржаўнага перавароту ў Армэніі ў 2008 годзе. У выніку генэрала адпусьцілі пад грашовы задатак, але сваёй пасады ён пазбавіўся.

Уладзімір Зайнэтдзінаў патлумачыў, што працэдура ўзгадненьня прадстаўніка ад Беларусі Станіслава Зася была арганізаваная праз яго асабістыя сустрэчы з кожным кіраўніком дзяржавы-чальца АДКБ.

«Ад 12 да 20 сьнежня такія сустрэчы адбыліся з прэзыдэнтамі Кіргізстану, Казахстану, Таджыкістану, Беларусі і Расеі, на якіх кандыдатура Станіслава Зася была падтрыманая. Сустрэча з выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра Армэніі перанесена на больш позьні тэрмін», — адзначыў Уладзімір Зайнэтдзінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра беларускага кандыдата на пасаду сакратара АДКБ: ён будзе лепшы за любога армяніна

На гэты момант працэдура ўзгадненьня аб прызначэньні Станіслава Зася генэральным сакратаром АДКБ працягваецца. У Ерэване настойваюць, што да 2020 году кіравацць арганізацыяй мусіць прадстаўнік Армэніі. Плюс да ўсяго там не задаволеныя, што Беларусь пастаўляе сучасную зброю Азэрбайджану, які мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Нагорнага Карабаху.