Падазраванага ў арганізацыі нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo прывезьлі ў Францыю

Удзельнікі дэманстрацыі салідарнасьці з журналістамі Charlie Hebdo, 7 студзеня 2015

Адзін з самых небясьпечных джыгадыстаў, 36-гадовы Пэтэр Шэрыф, арыштаваны 16 сьнежня ў Джыбуці, экстрадаваны ў Францыю. Пра гэта ў нядзелю, 23 сьнежня, паведамілі міністар унутраных справаў Францыі Крыстоф Кастанэр і пракуратура Парыжу.

Раней выданьне Le Monde пісала, што праваахоўныя органы Джыбуці, па ўсёй верагоднасьці, знайшлі Шэрыфа пры дапамозе францускай выведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы верагодны заказчык нападу на рэдакцыю Charlie Hebdo

Пэтэр Шэрыф быў дастаўлены ў Парыж пад аховай і ў кайданках і ўзяты пад варту ў аэрапорце Шарля дэ Голя. Яго пошукі вяліся з 2011 году. Міністар абароны Францыі Фляранс Парлі заявіла напярэдадні, што арышт Шэрыфа — «вельмі добрая навіна», бо ў францускіх праваахоўнікаў ёсьць падазрэньні, што ён мае дачыненьне да арганізацыі тэрарыстычнага нападу на рэдакцыю часопісу Charlie Hebdo 7 студзеня 2015 году.

У мінулую пятніцу, 21 сьнежня, пракуратура Парыжу накіравала ў суд справу 14 абвінавачаных, якія, як мяркуецца, аказвалі «лягістычную падтрымку» тэрарыстам, якія ўчынілі напад на рэдакцыю Charlie Hebdo. Адвакаты і сьледзтва спадзяюцца, што арышт Пэтэра Шэрыфа дапаможа выйсьці на замоўцаў гэтага злачынства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марш адзінства ў Парыжы сабраў мільён чалавек