Дабрачынны фонд Дональда Трампа будзе ліквідаваны: так вырашыў суд

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Усе актывы Trump Foundation разьмяркуюць паміж іншымі дабрачыннымі фондамі штату Нью-Ёрк, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Дабрачынны фонд імя Дональда Трампа пагадзіўся з рашэньнем суду аб ліквідацыі арганізацыі. Такім чынам суд часткова вырашыў спрэчку паміж уладамі штату Нью-Ёрк і «Трамп Фаўндэйшн» (Trump Foundation).

Раней пракуратура штату падала ў суд пазоў, у якім сьцьвярджалася, што сродкі з дабрачыннага фонду Трампа былі незаконна выкарыстаныя будучым прэзыдэнтам ЗША на ягоную выбарчую кампанію і ў інтарэсах сямейнага бізнэсу.

Пазоўнікі таксама патрабавалі кампэнсацыі ў 2,8 млн даляраў і дамагаліся, каб суд забараніў самому Трампу і траім ягоным старэйшым дзецям — Дональду-малодшаму, Эрыку і Іванцы — займаць кіроўныя пасады ў любым дабрачынным таварыстве Нью-Ёрку.

Пра рашэньне суду гаворыцца ў заяве генпракурора штату Нью-Ёрк, апублікаванай 18 сьнежня.

Пагадненьне бакоў дае генпракурору Барбары Андэрвуд паўнамоцтвы для адбору дабрачынных таварыстваў, на рахункі якіх будуць пераведзеныя ўсе актывы, што засталіся на балянсе ў фондзе Трампа.

Андэрвуд заявіла, што Trump Foundation «зьяўляўся нечым кшталту чэкавай кніжкі для абслугоўваньня бізнэс- і палітычных інтарэсаў спадара Трампа». Яна назвала пагадненьне «важнай перамогай правасудзьдзя».

Юрыст Алан Футэрфас, які прадстаўляе інтарэсы сям’і Трампа, кажа, што пракурорскі пазоў, наадварот, стаў перашкодай для своечасовай ліквідацыі фонду. Кіраўніцтва Trump Foundation, паводле Футэрфаса, зьбіралася заявіць аб роспуску фонду адразу пасьля перамогі Трампа на выбарах у лістападзе 2016 году.

Ён дадаў, што за апошнія 10 гадоў фонд выдаткаваў на дабрачынныя мэты каля 19 млн даляраў, уключаючы 8,25 млн асабістых грошай Дональда Трампа. Дапамогу ад яго атрымалі больш за семсот дабрачынных арганізацый.