Эстонцу, які ехаў у Расею на сэмінар аб рэгіянальных мовах, забаранілі ўезд на 55 гадоў

Эстонскага праваабаронца, актывіста міжнароднага фіна-вугорскага руху Олівэра Лодэ расейскія памежнікі не пусьцілі ў Расею. Забарона ініцыяваная ФСБ.

Лодэ, які ўзначальвае «Цэнтр разьвіцьця карэнных народаў URALIC», павінен быў узяць удзел у сэмінары аб фіна-вугорскіх мовах у горадзе Кінгісэп у Ленінградзкай вобласьці. Як напісаў Лодэ ў фэйсбуку, яму было прад’яўлена апавяшчэньне аб забароне на ўезд у Расею да 25 кастрычніка 2073 года.

Як падлічыў праваабаронца, калі ён дажыве да гэтага часу, то зможа ўехаць у Расею ў 99 гадоў.

Раней Лодэ стаў адным з ініцыятараў стварэньня міжнароднага руху вызваленьня анэксаванага Расеяй Крыму, у якім ён супрацоўнічае з прадстаўнікамі крымскіх татараў.