Выбух на поўначы Японіі: мінімум 42 чалавекі пацярпелі

Сама меней 42 чалавекі атрымалі раненьні (адзін з параненых знаходзіцца ў крытычным стане) у выніку выбуху ў рэстаране на поўначы Японіі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паліцыя паведаміла, што ў сувязі з выбухам, які прагрымеў у нядзелю ўвечары ў двухпавярховым рэстаране ў Сапара (галоўным горадзе вострава Хакайда), ідзе расьсьледаваньне.

Тэлевізійныя кадры японскай грамадзкай тэлекампаніі NHK паказваюць, што дым падымаецца з будынка, які ўрэшце паваліўся.

Паводле жыхароў раёну, падчас выбуху, у выніку якога былі разьбітыя вокны ў суседніх дамах, яны адчулі пах газу.

Гарадзкія ўлады стварылі прытулкі для жыхароў раёну, паколькі пажарныя папярэдзілі аб магчымасьці паўторных выбухаў.