Камітэт абароны журналістаў назваў краіны-лідэры па колькасьці зьняволеных журналістаў

Журналіста Ва Лонэ (Бірма) вядуць у турму пасьля асуджэньня яго на сем гадоў пазбаўленьня волі; 3 верасьня 2018

Турцыя, Кітай і Саудаўская Арабія зьяўляюцца лідэрамі сярод краін сьвету па колькасьці зьняволеных журналістаў, заявіў у сваім штогадовым дакладзе Камітэт абароны журналістаў, які мае сядзібу ў Нью-Ёрку.

Ужо трэці год запар за кратамі з прычыны прафэсійнай дзейнасьці знаходзяцца больш за 250 журналістаў, у тым ліку 33 жанчыны. У Турцыі ня менш за 68 журналістаў знаходзяцца ў турмах, у Кітаі такіх 47, у Саудаўскай Арабіі —16.

Аўтарытарныя рэжымы ўсё часьцей выкарыстоўваюць турэмнае зьняволеньне для задушэньня іншадумства, сотні журналістаў у турмах — гэта новая норма, гаворыцца ў дакладзе.

70% журналістаў знаходзяцца пад вартай па абвінавачаньні ў тэрарызьме і антыдзяржаўнай дзейнасьці. Лік зьняволеных па абвінавачаньні ў распаўсюдзе «фэйкавых навінаў» вырас да 28 ва ўсім сьвеце, у параўнаньні зь дзевяцьцю два гады таму. Эгіпет заключыў у турму найбольшую колькасьць журналістаў па гэтым абвінавачаньні — 19 чалавек.

Найбольшыя тэрміны зьняволеньня атрымліваюць тыя журналісты, якія пішуць на палітычныя і праваабарончыя тэмы, адзначаюць аўтары дакладу.