Закон аб прыпыненьні дамовы аб дружбе з Расеяй абнародаваны ў афіцыйнай украінскай газэце «Голос України». Дакумэнт уступае ў сілу наступнага дня пасьля яго публікацыі, то бок 12 сьнежня.
Закон Вярхоўная Рада прыняла 6 сьнежня. Згодна з дакумэнтам, Украіна прыпыняе дзеяньне дамовы з 1 красавіка 2019 году. Гэты дакумэнт прадугледжвае адмову ад падаўжэньня дамовы, дзеяньне якой заканчваецца 31 сакавіка 2019.
10 сьнежня прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў гэты закон.
Дзейная дамова аб дружбе паміж Украінай і Расеяй была падпісаная ў 1997 годзе. Яна, сярод іншага, прадугледжвае, што бакі «паважаюць тэрытарыяльную цэласнасьць адна адной і пацьвярджаюць непарушнасьць існых паміж імі межаў», а таксама «будуюць адносіны адна з адной на аснове прынцыпаў узаемнай павагі сувэрэннай роўнасьці, непахіснасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, неўжываньня сілы або пагрозы сілай».
Дакумэнт быў заключаны на тэрмін дзесяці гадоў — у 2008 годзе яго дзеяньне было аўтаматычна прадоўжанае. Каб прыпыніць дзеяньне дамовы, Украіна афіцыйна павінна паведаміць Расеі пра гэта не пазьней чым за шэсьць месяцаў да заканчэньня чарговага дзесяцігадовага пэрыяду, гэта значыць, да кастрычніка 2018 году. МЗС Украіны зрабіла гэта ў верасьні.