На «Менскдрэве» ўвялі няпоўны працоўны дзень і адпачынкі за свой кошт

Ілюстрацыйнае фота

У рэдакцыю Tut.by паскардзіліся рабочыя фабрыкі «Менскдрэў» на тое, што іх пераводзяць на скарочаны працоўны дзень, а некаторым прапанавалі пайсьці ў адпачынак за свой кошт.

«Прымушаюць падпісаць загад пад пагрозай звальненьня паводле артыкулу», — распавёў Tut.by адзін з работнікаў.

Паводле супрацоўнікаў, загад аб скарачэньні працоўнага дня зьявіўся некалькі дзён таму. Да якога дня працягнецца такі рэжым працы, пакуль невядома.

«Некаторых людзей пераводзяць на дзьве рабочыя гадзіны, некаторых на чатыры, некаторых гэта наогул ня тычыцца. Гэта (загад. — Рэд.) мы атрымалі ў чацьвер, а сёньня аказваецца, што з заўтрашняга дня павінны пайсьці за свой кошт. У мяне 333 рублі аклад за поўны працоўны месяц, дык уявіце, што я буду зарабляць», — расказаў адзін з работнікаў, які на мінулым тыдні атрымаў паведамленьне аб двухгадзінным працоўным дні.

Паводле падлікаў аднаго з работнікаў прадпрыемства, у адпачынак за свой кошт пойдзе 20-30 чалавек, у асноўным загад тычыцца інжынэрна-тэхнічных работнікаў.

Пазыцыя кіраўніцтва

Кіраўніцтва прадпрыемства тлумачыць, што скарачэньне працоўнага дня — «гэта не навіна», але адказаць, да якога дня працягнецца такі рэжым, пакуль ня можа.

«На сёньняшні дзень прадпрыемства часткова загружанае, часткова не. Гэта па тэлефоне вам доўга расказваць, можам на прадпрыемстве паказаць», — растлумачыў генэральны дырэктар «Менскдрэву» Павал Сьмірноў. Паводле яго, загад аб скарачэньні працоўнага дня сапраўды закрануў каля 20 работнікаў прадпрыемства.

Пры гэтым на пытаньне, да якога чысла будзе доўжыцца скарочаны працоўны тыдзень, гендырэктар адказаў:

«Вось у нас 20-га будуць таргі, новы аб’ект; выйграем — зноў пачнём працаваць. У нас калі хтосьці ідзе за свой кошт, дык гэта са згоды работніка. У нас многія работнікі самі часьцяком пішуць і сыходзяць».