7 сьнежня суд Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці аштрафаваў на 7 базавых велічынь актывістку АГП Алену Луцковіч. Яе абвінавацілі ў крадзяжы сыру ў краме «Эўраопт».
Гісторыя пачалася 30 кастрычніка 2018 году. Гомельскае тэлебачаньне паказала сюжэт з просьбай да грамадзян апазнаць жанчыну, якая нібыта зьдзяйсьняе крадзеж у краме «Эўраопт».
На відэа актывістка АНП Алена Луцковіч пазнала сябе. Яна адмаўляе, што нешта скрала ў краме.
«На відэа ня бачна факту крадзяжу. Я перакладала рэчы ў сумцы, брала адтуль тэлефон, размаўляла па ім, перапісвалася ў сацыяльных сетках, клала тэлефон назад», — пракамэнтавала Свабодзе Алена Луцковіч.
Яна зьвяртае ўвагу: відэа было зьнятае ў краме ў ліпені. Толькі ў кастрычніку адміністрацыя крамы «Эўраопт» зьвярнулася з заявай у міліцыю.
«У заяве, якая ёсьць у справе, адміністрацыя крамы піша, што ў гандлёвым аб’екце выявілі недастачу. Яны зьвязалі недастачу з магчымымі крадзяжамі. І падалі ў міліцыю гэтае відэа, на якім ёсьць я», — дадала актывістка.
У суд даставіла міліцыя
7 сьнежня адбыўся суд. Справу разглядаў судзьдзя Ўладзімер Васілеўскі. Працэс прыехалі асьвятляць дзяржаўная газэта «Гомельская праўда» і Гомельская тэлевізія.
Раніцай Алена Луцковіч патэлефанавала ў суд Акцябрскага раёну і папрасіла перанесьці пасяджэньне, бо ў яе была павышаная тэмпэратура. Але праз паўгадзіны да яе дамоў прыехала міліцыя і павезла актывістку ў суд.
«Усе мае хадайніцтвы суд адхіліў. Мне не далі часу, каб знайсьці адваката — пазбавілі права на абарону. Адмовілі ў экспэртызе відэа з камэры назіраньня крамы — яно магло быць змантаванае», — патлумачыла Свабодзе актывістка.
Яе абурыла, што Гомельская тэлевізія асьвятляла суд, але карэспандэнты адмовіліся браць камэнтар у «парушальніцы».
«Суд забараніў відэаздымку. Тым ня менш карэспандэнт дзяржаўнай тэлевізіі прыйшоў і здымаў на камэру, калі судзьдзя зачытваў пастанову. Прычым там агалошваліся ўсе мае пэрсанальныя зьвесткі», — дадала Алена Луцковіч.
Сьведкамі на судзе выступілі супрацоўнікі крамы «Эўраопт». Ахоўнік крамы даваў паказаньні, што бачыў на відэа, як Алена Луцковіч перакладала з кошыка ў сваю сумку сыр.
Алена Луцковіч мае намер абскардзіць рашэньне суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, які выдаваў сябе за ўкраінца на расейскім ТВ: «Мне бясконца сорамна, гэта ганьба»