Улады Парыжу 8 сьнежня закрыюць для наведвальнікаў Эўфэлеву вежу з прычыны акцый пратэсту супраць павышэньня цэнаў на паліва. Мэрыя асьцерагаецца беспарадкаў, таму ўладальнікаў крамаў і рэстаранаў на Елісейскіх палях заклікалі таксама прыпыніць сваю працу. Усе масавыя імпрэзы, прызначаныя на 8 сьнежня, адмянілі.
Каля дзесяці парыскіх музэяў, уключаючы Луўр, на фоне дэманстрацый паабяцалі зачыніцца ў суботу. Іхная адміністрацыя асьцерагаецца актаў вандалізму з боку маніфэстантаў. Акрамя іншага, уладальнікаў бізнэсу ў шэрагу раёнаў Парыжу папрасілі прыняць дадатковыя захады бясьпекі, у прыватнасьці правесьці інструктаж з супрацоўнікамі.
У Францыі трэці тыдзень запар праходзяць акцыі пратэсту з патрабаваньнем адмовіцца ад павелічэньня падаткаў на аўтамабільнае паліва. Маніфэстацыі арганізаваў рух так званых «жоўтых камізэлек».
У дэманстрацыі ў Парыжы ў мінулую суботу ўдзельнічалі, паводле уладаў, 75 тысяч чалавек; пратэсты ў французскай сталіцы перайшлі ў буйныя беспарадкі. Пацярпелі больш за 130 чалавек, каля 400 былі затрыманыя. Групы мужчын у масках грамілі вітрыны буцікаў, таксама сур’ёзна пацярпела Трыюмфальная арка. Мэрыя Парыжу ацаніла шкоду ў 3-4 мільёны эўра.