У Беларусі прапануюць уводзіць апеку над дзецьмі, калі бацькі адсутнічаюць больш за 6 месяцаў

Ілюстрацыйнае фота

Папраўкі ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і, якія разглядаюць у Палаце прадстаўнікоў, прадугледжваюць увод апекі над дзецьмі, калі бацькі адсутнічаюць больш за 6 месяцаў «з уважлівай прычыны» (камандзіроўка, хвароба і г.д.). Пра гэта піша БелТА са спасылкай на Алену Астапюк, сябра Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Палаты прадстаўнікоў.

Цяпер, паводле артыкула 149, калі дзіця пакінута на сваякоў ці іншых блізкіх асобаў, апека ня ўводзіцца. Яна можа быць уведзена, калі бацькі адсутнічаюць больш за 6 месяцаў, але толькі пры ўмове, «калі гэта неабходна ў інтарэсах дзяцей». Згодна з папраўкамі да кодэксу, парадак усталяваньня апекі будзе вызначацца ўрадам. Вядома, што бацькі будуць павінны дакумэнтальна пацьвярджаць прычыну і час сваёй адсутнасьці.

Што яшчэ прапануюць зьмяніць?

  • Запазычанасьць беспрацоўных бацькоў па алімэнтах хочуць прывязаць да бюджэту пражытковага мінімуму. Цяпер асновай для разьліку запазычанасьці лічыцца заробак на апошнім месцы працы, а калі ад звальненьня прайшло больш за тры гады — сярэдні заробак па краіне.
  • Дадаць артыкул пра «пагадненьне аб дзецях». Такое пагадненьне, калі адзін з бацькоў жыве асобна, будзе вызначаць парадак камунікацыі зь дзецьмі і ўдзелу ў выхаваньні. У пагадненьні можна будзе прапісаць памер алімэнтаў, парадак выезду дзяцей за мяжу і іншыя пытаньні. Цяпер такі дакумэнт можа быць створаны падчас судовага працэсу аб разводзе ці прызнаньні бацькоў недзеяздольнымі.
  • Удакладніць парадак заключэньня шлюбнай дамовы, вызначэньня доляў у агульнай уласнасьці сужонкаў падчас разьдзелу маёмасьці і заключэньня неабходнага пагадненьня.