Сэнат ЗША прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў агрэсію Расеі ў Керчанскай пратоцы, калі расейскія сілавікі захапілі тры ўкраінскія караблі і іхныя экіпажы, паведамляе пасольства Ўкраіны ў ЗША.
«У афіцыйным дакумэнце амэрыканскія заканадаўцы заклікаюць расейскія ўлады неадкладна вызваліць захопленыя ўкраінскія караблі і чальцоў іх экіпажу, а таксама спыніць перасьлед украінскіх і міжнародных суднаў, якія праходзяць праз Керчанскую пратоку», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сэнатары адзначаюць, што паводзіны ўлады Расеі дэстабілізуюць ўвесь рэгіён і правакуюць далейшую эскаляцыю. Яны заклікаюць міжнародную супольнасьць аб’яднацца ў апазыцыі да пагрозьлівых дзеяньняў расейскіх уладаў у Керчанскай пратоцы.
Рэзалюцыя пацьвярджае падтрымку ўкраінскага народу і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
Таксама ў дакумэнце сэнатары зьвяртаюцца да прэзыдэнта і адміністрацыі ЗША з заклікам выкарыстаць любую магчымасьць для выяўленьня пратэсту супраць нападу, учыненага Расеяй супраць Узброеных сіл Украіны.