Упершыню войска краіны NATO ўзначаліла жанчына

Аленка Эрмэнц

Славенія стала першай краінай –​ чальцом NATO, дзе кіраўніком арміі прызначылі жанчыну. Генэрал-маёр Аленка Эрмэнц узначаліць штаб арміі 28 лістапада.

Да гэтага 55-гадовая Эрмэнц была намесьнікам начальніка штабу арміі.

Ермэнц пачала вайсковую кар’еру ў 1991 годзе. Яна закончыла каралеўскі каледж абаронных дасьледаваньняў у Лёндане і атрымала ступень магістра ў міжнародных справах у лёнданскім Кінгс-каледжы.

Папярэдні кіраўнік Генштабу пакінуў пасаду па рашэньні кіраўніцтва краіны.

У войску Славеніі служыць каля 7500 вайскоўцаў, у тым ліку службоўцаў у рэзэрве. Раней сёлета брыгада славенскіх войскаў не прайшла тэст на баявую гатоўнасьць у NATO.