Тры салдаты загінулі і яшчэ тры амэрыканцы атрымалі раненьні падчас выбуху самаробнага выбуховага прыстасаваньня ў раёне гораду Газьні на ўсходзе Аўганістану. Паводле інфармацыі «Голасу Амэрыкі», у выніку выбуху таксама пацярпеў яшчэ адзін кантрактар.
У паведамленьні камандаваньня ваеннымі сіламі ЗША ў Кабуле гаворыцца, што ўсіх чатырох параненых эвакуявалі, яны атрымалі неабходную мэдыцынскую дапамогу. Акалічнасьці выбуху ў паведамленьні не раскрываюцца.
Адказнасьць за атаку з выкарыстаньнем бомбы ўзялі на сябе баевікі групоўкі «Талібан».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку тэракту ў Аўганістане загінулі 50 чалавекГазьні — сталіца аднайменнай аўганскай правінцыі, дзе талібы захапілі некалькі раёнаў за апошнія месяцы. Нядаўна баевікі паспрабавалі захапіць адміністрацыйны цэнтар правінцыі.
З улікам сёньняшняга выбуху, у 2018 годзе ў Аўганістане загінулі 11 вайскоўцаў арміі ЗША.
Цяпер у гэтай краіне знаходзіцца каля 14 тысяч амэрыканскіх салдат. Яны вядуць барацьбу з тэрарыстычнымі групоўкамі і займаюцца навучаньнем аўганскіх вайскоўцаў.