Памёр адзін зь вядучых італьянскіх рэжысэраў Бэрнарда Бэрталючы

Адзін з галоўных італьянскіх рэжысэраў і драматургаў Бэрнарда Бэрталючы памёр на 78-м годзе жыцьця ў Рыме пасьля працяглай хваробы, паведамляе італьянская газэта La Repubblica.

Бэрталючы быў аўтарам і рэжысэрам культавых фільмаў як «Канфарміст» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «Летуценьнікі» (2003 г.) і «Апошні імпэратар» (1987), за які ў 1988 годзе атрымаў Оскар.

За сваю кар’еру ён быў уганараваны некалькімі найбуйнейшымі кінематаграфічнымі ўзнагародамі, у тым ліку Залатой пальмавай галінай Канскага кінафэстывалю за ўклад у разьвіцьцё кіно, Вэнэцыянскім львом, і прэміяй Брытанскай кінаакадэміі. Яго фільмы неаднаразова намінавалі на Оскар, Залаты глёбус, прэмію Бэрлінскага кінафэстывалю і францускую прэмію Сэзар.