Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўшанаваў памяць ахвяраў Галадамору. ВІДЭА

Ушанаваньне памяці ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне 22 лістапада 2018 году

Гэзэр Наўэрт, прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, распаўсюдзіла заяву да 85-х угодкаў Галадамору, калі «мільёны бязьвінных украінцаў наўмысна замарыў голадам рэжым Ёсіфа Сталіна».​

У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца, што дзеяньні савецкіх уладаў перасьледавалі «палітычную мэту — падпарадкаваньне ўкраінскага народу. Катастрафічны рукатворны голад быў адным з найбольш зьверскіх злачынстваў ХХ стагодзьдзя і застаецца жорсткім напамінам пра злачынствы камунізму».

«Сёння ўкраінцы зноў гінуць у выніку спробаў Расеі зьнішчыць ідэнтычнасьць народу Ўкраіны і яго імкненьне стаць часткай Захаду. Агрэсія Расеі, якая працягваецца ва ўсходняй Украіне, прывяла больш, чым да 10 тысячаў ахвяраў, — падкрэсьліваецца ў заяве. — Прыгадваючы мільёны бязьвінных ахвяраў Галадамору, мы пацьвярджаем нашу непахісную падтрымку нацыянальнаму сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама правам ўкраінскага народу выбіраць свой уласны шлях».