Міністэрства замежных спраў Беларусі не валодае інфармацыяй пра правядзеньне ў краіне «рэпрэсіяў». Пра гэта заявіў прэс-сакратар міністэрства Анатоль Глаз на XVI Менскім форуме, піша БелаПАН.
Гэнэральны сакратар аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргей Спарыш запытаўся ў Глаза, ці могуць улады спыніць перасьлед апазыцыянэраў.
«Ніякім чынам я не магу на гэтае пытаньне адказаць, таму што, шчыра кажучы, я нават ня ў курсе спраў. Гэта пытаньні да праваахоўных органаў і судоў. Ці можна спыніць рэпрэсіі? Ня ведаю, ці ёсьць яны ўвогуле», — сказаў Глаз.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў «посьпехі МЗС у паляпшэньні іміджу краіны на міжнароднай арэне». Аднак пацікавіўся, ці не плянуе ведамства ўзьняць перад Аляксандрам Лукашэнкам пытаньне аб тым, што дзеяньні МЗС перакрэсьліваюцца дзеяньнямі Міністэрства ўнутраных спраў.
«Міністэрства замежных спраў — гэта частка ўраду, як бы там ні было. Таму ня трэба нас супрацьпастаўляць нашым калегам. Вас пачулі, добра, успрымем гэта як параду», — адказаў на пытаньне Глаз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога ня выключана». Прадстаўнік МЗС пра адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі