Пакінутыя ў Космасе: Спадарожнікі Халоднай вайны далей круцяцца вакол Зямлі

Група амэрыканскіх навукоўцаў усталёўвае спадарожнік «Vanguard» на ракеце ў спробе дагнаць савецкую касьмічную праграму «Спутник-1». Пасьля дзьвюх няўдач касьмічны шар вагою 1,5 кіляграма быў выведзены на арбіту ў 1958 годзе.

«Vanguard» быў першым спадарожнікам, які выкарыстоўваў сонечную энэргію і перадаваў слабыя радыёсыгналы на Зямлю на працягу шасьці гадоў, пакуль не заглох. Гэта цяпер у космасе найстарэйшы аб’ект, зроблены чалавечымі рукамі.

«Tiros 1», мэтэаралягічны спадарожнік агенцтва НАСА, падчас выпрабаваньняў на трываласьць перад сваім запускам у 1960 годзе. Гэта быў першы мэтэаралягічны спадарожнік, які мог перадаваць карціну надвор’я ад дзьвюх камэраў да цэнтру кіраваньня на Зямлі.

«Tiros-1» прыладжваюць на ракету перад запускам на арбіту. Спадарожнік працаваў 78 дзён.

Савецкі спадарожнік «Луна-10» не выглядаў надта прывабна. Але яго місія адзначыла важны момант у касьмічнай амэрыканска-савецкай гонцы: у 1966 годзе ён стаў першым касьмічным апаратам, які ўвайшоў на арбіту Месяца.

Місія спадарожніка «Луна-10» была прымеркаваная да зьезду КПСС, каб перадаць дэлегатам партыйны гімн з арбіты Месяца. Але незадоўга да гэтай перадачы здарылася тэхнічная замінка, і гімн, якому шалёна апладзіравалі дэлегаты, прагучаў з папярэдне зробленага запісу.

Гэты спадарожнік НАСА, вядомы як «LAGEOS-1», быў выведзены на арбіту ў 1976 годзе. 400-кіляграмовы шар з алюмінію і мосенжу меў рэфлектары, якія дазвалялі лазэрам на Зямлі зьмерыць дрэйф тэктанічных плітаў і дакладную форму плянэты.

«LAGEOS-1» (у цэнтры) уладкаваны на носе ракеты «Delta», якая вывела яго на арбіту. Спадарожнік вернецца на Зямлю ў выглядзе палымянага шара больш-менш праз 8,4 мільёна гадоў.

Савецкі спадарожнік «Мольния-1» быў распрацаваны для вайсковай сувязі і патрабаваў у 1965 годзе магутнай ракеты, якая магла вывесьці на арбіту цяжар 1,5 тоны.

Сёньня вакол Зямлі кружаць каля 18 тысяч штучных спадарожнікаў. Большасьць зь іх ужо не працуе. Робяцца намаганьні, каб часткова ачысьціць прастору вакол Зямлі з касьмічнага сьмецьця, пакінутага на арбіце. Актуальнасьць праблемы была асабліва падкрэсьленая ў 2009 годзе, калі мёртвы расейскі і дзейны амэрыканскі спадарожнікі зьнішчылі адзін аднаго, сутыкнуўшыся пры сумарнай хуткасьці 42 тысяч кілямэтраў на гадзіну.