Двое навукоўцаў — Бэнэдыкт Савой з Францыі і Фэльвінэ Сара з Сэнэгалу — у новай навуковай працы рэкамэндуюць назаўжды вярнуць творы мастацтва, вывезеныя з Афрыкі ў Францыю. Іх дасьледчую працу, замоўленую прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, даставяць яму на гэтым тыдні, а копію ўжо атрымала амэрыканская газэта The New York Times.
Макрон паставіў перад навукоўцамі заданьне — распрацаваць плян, як можна вярнуць назад прадметы афрыканскай культурнай спадчыны, вывезеныя з сваіх краінаў францускімі вайскоўцамі, навукоўцамі і чыноўнікамі падчас каляніяльнага пэрыяду, які доўжыўся з канца XIX стагодзьдзя да 1960-х гадоў.
Што прапануе дасьледаваньне
Паводле згаданых навукоўцаў, ад 90 да 95 адсоткаў усёй афрыканскай культурнай спадчыны знаходзіцца ў сусьветных музэях па-за Афрыкай. Францыя валодае 90 тысячамі прадметаў, 70 тысяч зь іх выстаўленыя ў Музэі на набярэжнай Бранлі ў Парыжы (Musée du quai Branly).
Навукоўцы не прапануюць вярнуць усе прадметы мастацтва, а хутчэй дамагчыся геаграфічнай збалянсаванасьці.
Савой і Сара распрацавалі плян з трох этапаў.
- Падчас першага этапу, навукоўцы прапануюць у наступным годзе афіцыйна вярнуць некалькі асабліва сымбалічных прадметаў мастацтва ў краіны, адкуль іх вывезьлі і ўрады якіх даўно просяць аб іх вяртаньні.
- Другая фаза, паводле прапановы вучоных, пачнецца вясной наступнага году і будзе доўжыцца да лістапада 2022 году. У гэты час каманды францускіх і афрыканскіх навукоўцаў павінны будуць правесьці перападлік францускіх калекцый. Пасьля гэтага спэцыяльна створаныя сумесныя камісіі зоймуцца разглядам заяў на вяртаньне прадметаў мастацтва, а таксама будуць кансультаваць калегаў аб тым, як іх захаваць.
- Трэцяя фаза ня мае канца. У гэты час афрыканскія краіны, якія раней не падавалі заявы на вяртаньне прадметаў мастацтва, могуць гэта зрабіць. «Працэс вяртаньня нельга абмяжоўваць ў часе, — цытуе працу навукоўцаў The New York Times. — Мы не павінны ствараць ўражаньня, што акно гэтай магчымасьці […] можа ў бліжэйшы час зачыніцца».
Якое значэньне дасьледаваньня
Калі плян навукоўцаў увасобяць ў жыцьцё ў Францыі, гэта можа мець наступствы і для іншых эўрапейскіх краінаў. Музэі могуць пад ціскам ўзяць прыклад францускіх калегаў.
У Бэльгіі, у Каралеўскім музэі Цэнтральнай Афрыкі, захоўваюцца каля 180 тысяч прадметаў мастацтва.
У Аўстрыі, у Сусьветным музэі — 37 тысяч.
Прадметы гістарычнай і культурнай важнасьці таксама просяць вярнуць з сусьветных музэяў краіны Паўднёвай і Цэнтральнай Амэрыкі, Акіяніі і іншыя.
Гісторыя пытаньня
Прэзыдэнт Макрон заявіў аб неабходнасьці пачаць працэс вяртаньня афрыканскага мастацтва ў лістападзе 2017 году падчас выступу ва ўнівэрсытэце Уагадугу, у сталіцы Буркіна Фасо.
«Я ня згодны з тым, што значная частка культурнай спадчыны некалькіх афрыканскіх краінаў знаходзіцца ў Францыі, — сказаў ён. — Спадчыну Францыі трэба паказваць у Парыжы, але яшчэ і ў Дакары, у Лагасе, у Катоне. Гэта будзе адным з маіх прыярытэтаў. Пачынаючы зь сёньняшняга дня і на працягу наступных пяці гадоў, я хачу ўбачыць ўмовы, якія дазволяць часовае або канчатковае вяртаньне афрыканскай культурнай спадчыны Афрыцы».