Напад на кітайскае консульства ў Пакістане: загінулі два паліцыянты

Сьцяг КНР.

Два паліцыянты забітыя, ахоўнік паранены ў выніку ўзброенага нападу на кітайскае консульства ў пакістанскім горадзе Карачы, паведамляе ВВС.

У 09.30 паводле мясцовага часу (04:30 па Грынвічы) каля консульства пачалі страляць, паведамляе паліцыя. Згодна з паведамленьнямі, чатыры баевікі спрабавалі ўвайсьці ў консульства, але былі спыненыя ахоўнікамі на кантрольна-прапускным пункце.

Паліцыя забіла нападнікаў падчас перастрэлкі. Цяпер раён ачэплены, там шмат паліцыі.

Супрацоўнікі консульства не пацярпелі падчас нападу, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Відавочцы кажуць, што бачылі выбух, а мясцовыя тэлеканалы паказвалі слупы дыму каля консульства.

Група сэпаратыстаў з правінцыі Белуджыстан заявіла, што яна ўчыніла напад.

Кітай, які суседнічае з Пакістанам, зьяўляецца блізкім саюзьнікам і інвэстуе велізарныя грошы ў інфраструктурныя праекты краіны. Белуджыстан, самая бедная правінцыя Пакістану, знаходзіцца ў цэнтры буйнога кітайскага інвэстыцыйнага праекту.