Іванка Трамп выкарыстоўвала для службовай перапіскі зь Белым домам асабістую электронную пошту. Як паведамляе газэта The Washington Post, за мінулы год дачка і дарадніца прэзыдэнта ЗША адправіла амэрыканскім чыноўнікам з гэтай пошты сотні лістоў.
Іванка Трамп заявіла, што нібыта ня ведала пра забарону. Юрысты дачкі прэзыдэнта ЗША пацьвердзілі журналістам, што яна часам карысталася асабістай паштовай скрыняй. Але ні ў адным лісьце, паводле іх, не было сакрэтных зьвестак.
Сам Дональд Трамп раней неаднаразова абвінавачваў Гілары Клінтан у выкарыстаньні асабістай пошты для службовай перапіскі. Праз гэта Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў падчас прэзыдэнцкай гонкі праводзіла сьледзтва ў дачыненьні Клінтан, што адбілася на яе рэйтынгу.