Паліцыя выявіла саўдзельнікаў забойства мальтыйскай журналісткі

Дафнэ Каруана Галіцыя

Паліцыя Мальты выявіла датычных да забойства журналісткі Дафнэ Каруаны Галіцыі, якая расьсьледавала магчымае дачыненьне да карупцыі прэм’ер-міністра краіны, яго сям’і і атачэньня.

Падазраванымі ў арганізацыі забойства названыя два чалавекі, выканаўцамі былі трое. Імёны падазраваных не апублікаваныя. Паводле дадзеных сьледзтва, саўдзельнікі злачынства мелі розныя матывы.

Летась у кастрычніку машына, за рулём якой знаходзілася журналістка, была падарваная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Асанж абяцае ўзнагароду за інфармацыю пра забойцаў журналісткі на Мальце

Прэм’ер-міністар Джозэф Мускат назваў гібель Каруаны Галіцыі «барбарскім нападам». Ён заявіў, што Мальта папрасіла Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША аб дапамозе ў гэтай справе.

Міжнародны кансорцыюм журналістаў-дасьледчыкаў у 2016 годзе апублікаваў так званы «Панамскі архіў» — дадзеныя аб карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах улады ў некалькіх краінах сьвету. Каруана Галіцыя на падставе гэтых дакумэнтаў заявіла, што жонка прэм’ер-міністра Мальты, верагодна, валодае афшорнай кампаніяй, якая атрымлівала грошы ад уладаў Азэрбайджану.