У расейскіх школах праходзіць флэшмоб супраць прэзыдэнта Пуціна

У расейскіх школах набірае абароты флэшмоб супраць прэзыдэнта Пуціна: школьнікі і студэнты пішуць крэйдай на дошцы або асадкай у сшыткі словы «Пуцін злодзей» і дзеляцца фатаздымкамі з надпісамі ў сацсетках.

Пачалося ўсё з інцыдэнту ў школе № 20 пасёлка Таёжны ў Краснаярскім краі Расеі. Там надпіс зьявіўся на дошцы ў «10а» клясе і выклікаў бурную рэакцыю як мінімум адной з настаўніц, Еўдакіі Кавалёвай, якая выкладае ў школе гісторыю. Яна пагразіла вучням сустрэчай зь целаахоўнікамі Пуціна і заявіла, што клясы нанесла «глыбокую абразу» Пуціну, «за якую ў савецкі час быў бы расстрэл».

Чыноўнікі Міністэрства адукацыі Краснаярскага краю вывучылі відэаролік з Таёжнага, але не знайшлі ў ім падставаў для адхіленьня настаўніцы ад пасады. Пасьля таго, як відэазапіс настаўніцы зьявіўся ў сацсетках (да гэтага моманту першапачатковае фота, разьмешчанае ў групе «Сталінгулаг» у сацсетцы «Вконтакте» набрала амаль 2 тысячы лайкаў, каля 150 камэнтароў, звыш 50 перапостаў і больш за 35 тысяч праглядаў), школьнікі і студэнты іншых школ пачалі масава пісаць на дошках у навучальных клясах і ў школьных сшытках гэтыя ж словы пра Пуціна і публікаваць іх у сацсетках.

Да чэленджу далучыліся школы ў Бураціі, Краснадары, унівэрсытэт у Ніжнім Ноўгарадзе і іншыя навучальныя ўстановы.