Што вядома пра законапраект аб барацьбе з нацызмам і экстрэмізмам

Авальная заля Палаты прадстаўнікоў, ілюстрацыйнае фота

Савет Міністраў перадаў на разгляд у Палату прадстаўнікоў законапраект аб «узмацненьні барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму». Чакаецца, што да канца восеньскай сэсіі папраўкі разгледзяць у першым чытаньні, піша Tut.by, у рэдакцыю якога трапіў законапраект.

Спойлер: Турма — за рэабілітацыю нацызму, штраф — за партрэт Гітлера.

Важна: Як і раней, парушэньнем закону ня будзе лічыцца выраб, дэманстрацыя ці распаўсюд сымболікі для:

  • тэатральнага, музычнага, цыркавога і выяўленчага мастацтва;
  • бібліятэчнай, выдавецкай і музэйнай справы;
  • кінэматаграфіі;
  • гастрольна-канцэртнай і адукацыйнай дзейнасьці;
  • СМІ.

Пра што гаворка?

У праўках далі азначэньне паняцьцям «нацызм», «нацысцкая сымболіка і атрыбутыка», «рэабілітацыя нацызму».

Нацызм — таталітарная ідэалёгія і практыка яе ўжываньня гітлераўскай Нямеччынай і яе саюзьнікамі з 1933-га па 1945 год, зьвязаная з таталітарнымі тэрарыстычнымі мэтадамі ўлады, афіцыйнай градацыяй усіх нацый паводле ступені паўнавартасьці, перавагі адных нацый над іншымі, што суправаджаліся злачынствамі супраць міру і бясьпекі чалавецтва і ваеннымі злачынствамі, паводле прысуду Міжнароднага вайсковага трыбуналу.

Нацысцкая сымболіка і атрыбутыка — сьцягі, гімны і іншыя музычныя творы, атрыбуты і ўніформа, свастыкі, эмблемы, сымбалі, вымпелы, значкі ды іншыя знакі адрозьненьня і іх копіі, якія выкарыстоўвалі Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Нямеччыны, Нацыянальная фашысцкая партыя Італіі ды іншыя структуры, прызнаныя трыбуналамі злачыннымі ці вінаватымі.

Да нацысцкай таксама залічваецца сымболіка калябаранцкіх арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі СССР у часы Другой усясьветнай вайны, а таксама выявы асобаў, прызнаныя трыбуналамі вінаватымі.

Рэабілітацыя нацызму — публічныя дзеяньні ці выкарыстаньне ў СМІ і інтэрнэце ды іншых інфармацыйных сетках, якія:

  • Апраўдваюць ідэалёгію і практыку нацызму, прызнаюць іх правільнымі, неабходнымі ў падтрымцы і перайманьні, а таксама распаўсюджаньне ідэалёгіі нацызму.
  • Ухваляюць ці адмаўляюць злачынствы, прызнаныя Міжнародным вайсковым трыбуналам.
  • Праслаўляюць ці апраўдваюць асобаў і арганізацыі, прызнаныя вінаватымі ці злачыннымі прысудам Міжнароднага вайсковага трыбуналу, у тым ліку калябаранцкія арганізацыі і іх удзельнікі, якія дзейнічалі на тэрыторыі СССР у часы Другой усясьветнай вайны.

Турма — за рэабілітацыю нацызму

Папраўкі прадугледжваюць дапаўненьні ў арт. 130 КК Беларусі. У назву артыкулу «Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці» прапануюць дадаць фармулёўку «рэабілітацыя нацызму».

Такім чынам, да 5 гадоў турмы будзе пагражаць за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай рэлігійнай варожасьці».

Як будуць караць за нацысцкую і экстрэмісцкую сымболіку?

У арт. 17.10 КаАП разам з «прапагандай, публічнай дэманстрацыяй, вырабам і распаўсюдам нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі» прапануюць увесьці адказнасьць за тыя ж дзеяньні з сымболікай «экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый».

Таксама прадугледжана пакараньне за захаваньне ці набыцьцё з мэтай распаўсюду такой сымболікі.

Пакараньне прапануюць пакінуць ранейшым:

  • для фізычных асобаў — штраф да 10 базавых велічыняў ці арышт;
  • для прадпрымальнікаў — штраф да 50 б.в.;
  • для юрыдычных асобаў — штраф да 200 б.в.

Хочуць увесьці адказнасьць за паўторнае правапарушэньне на працягу аднаго году пасьля адміністрацыйнага выраку. Для фізычных асобаў штраф павялічаць да 20 базавых.

Узмацніць адказнасьць прапаноўваў МУС

У 2016 годзе Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала законапраект, які мусіў узмацніць адказнасьць за публічную дэманстрацыю нацысцкай сымболікі, пісаў Tut.by. Меркавалася, што пры падтрымцы зацікаўленых ведамстваў дакумэнт перададуць на разгляд Палаты прадстаўнікоў да канца 2016 году.

У праекце закону МУС была прапісана адказнасьць за выраб і публічную дэманстрацыю тату з выявай нацысцкай сымболікі і вітальныя рухі нацыянал-сацыялістаў.