Лідэр крымскататарскага народу «не пакідае барацьбы за вяртаньне Крыму»

Мустафа Джэмілеў

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка павіншаваў зь юбілеем лідэра крымскататарскага народу Мустафу Джэмілева, які 13 лістапада адзначае 75-годзьдзе.

«Яго сілу духу і сталёвы характар не зламалі гады перасьледу, ціску і зьняволеньняў за "распаўсюд антысавецкіх поглядаў". І цяпер Мустафа не пакідае барацьбы за вяртаньне Крыму, за вызваленьне ўсіх закладнікаў Крамля пакуль яны не вернуцца дадому, ва ўкраінскім Крым», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.

У Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі 13 лістапада мае адбыцца ўрачыстае мерапрыемства з нагоды юбілею Джэмілева. Перад днём нараджэньня ён зьвярнуўся з заклікам аб дапамозе дзецям крымчан, якіх па палітычных матывах утрымліваюць у Расеі і на анэксаваным паўвостраве.​

Мустафа Джэмілеў — адзін з кіраўнікоў крымскататарскага нацыянальнага руху, праваабаронца, палітычны вязень савецкага рэжыму. З 20 жніўня 2014 году — Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па справах крымскататарскага народу. Пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе расейскія ўлады забаранілі Джэміліеву ўезд на тэрыторыю Расеі і Крыму.

Шасьцімесячны Джэмілеў разам з бацькамі быў дэпартаваны з Крыму ва Ўзбэкістан на загад Сталіна, як і 190 тысяч крымскіх татараў.