Ісламісцкая групоўка ХАМАС, якая кантралюе сэктар Газы, выпусьціла больш за 100 ракет па паўднёвым Ізраілі. Большасьць зь іх перахапіла ізраільская сыстэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал», але частка ракет трапіла ў жылыя раёны. Паводле папярэдніх зьвестак, ёсьць пацярпелыя.
Як піша выданьне The Jerusalem Post, адна з ракет трапіла ў пусты аўтобус, сур’ёзна пацярпеў 19-гадовы юнак.
RAW FOOTAGE: The skies of southern Israel RIGHT NOW. Dozens of rockets are being fired from #Gaza at Israeli civilians. pic.twitter.com/Iu6QwzUo8l
— Israel Defense Forces (@IDFSpokesperson) November 12, 2018
Збройнае крыло ХАМАС паабяцала пачаць бамбардзіроўкі Ізраілю ў адказ на апэрацыю ізраільскага спэцназу ў ноч на 12 лістапада. Ахвярамі гэтай апэрацыі сталі сем палестынцаў. Некаторыя заходнія СМІ паведамілі аб адным забітым ізраільскім салдаце. Гэтыя зьвесткі пакуль не пацьверджаныя афіцыйна.
Неўзабаве пасьля ракетнага абстрэлу з боку Газы ізраільскія вайскоўцы нанесьлі сэрыю паветраных удараў па сэктары Газы. Загінулі двое палестынцаў, паведамляе агенцтва Франс Прэс.