«Прыслалі малалетак — вашывыя, брудныя, распранутыя». У Расеі выдалі ўспаміны ахоўніка БАМа

Зьняволеныя БАМлага выраўноўваюць насып. Сярэдзіна 1930-х гг.

— Гэты дакумэнт зь дзіўным лёсам, — расказвае Ірына Шчарбакова, расейскі гісторык і праваабаронца, якая падрыхтавала да публікацыі кнігу «Сыбірскай далёкай старонкай. Дзёньнік ахоўніка». — Дзёньнікі Івана Чысьцякова трапілі ў «Мэмарыял» у пачатку 1990-х гадоў, калі людзі з усёй краіны дасылалі нам лісты, успаміны ды іншыя дакумэнты, зьвязаныя з рэпрэсіямі 1930-1940 гг. І вось сярод гэтай плын, аднойчы зьявіўся дзёньнік наглядчыка БАМлага, напісаны жывой, інтэлігентнай мовай, які мае бясспрэчныя літаратурныя вартасьці.

Аўтар назіральны, ён у падрабязнасьцях апавядае пра побыт і ўмовы жыцьця зьняволеных, якія ў 1935-1937 гадах будавалі Байкала-Амурскую чыгунку. Больш за тое, ён рэфлексуе, называе сябе шрубкай велізарнай машыны, якая аднойчы можа перамалоць яго самога, бо ён усяго маленькі чалавек. Ён так і піша пра сябе — «маленькі чалавек». Усьведамленьне свайго бяспраўя прыводзіць яго да таго, што на старонках дзёньніка ён пачынае ня толькі наракаць, але і бунтаваць супраць сыстэмы.

Старонка дзёньніка Івана Чысьцякова зь яго малюнкам

— Для супрацоўніка НКВД гэта даволі нетыповы дакумэнт?

— Абсалютна ўнікальны. Па-першае, гэтыя людзі ў сваёй масе былі ня вельмі пісьменныя. Па-другое, весьці такі дзёньнік для іх было надзвычай небясьпечна. Вы ведаеце, што іх таксама часта арыштоўвалі, а ў гэтым выпадку дзёньнік — проста падарунак для сьледчага, які вядзе справу. Але, трэба сказаць, што Іван Чысьцякоў ня быў кадравым супрацоўнікам НКВД. У 1936 годзе яго прызвалі ў армію, усяго на адзін год, і адправілі служыць у лягерную ахову, у далёкае Забайкальле, дзе ён апынуўся ў абсалютна незнаёмым і чужым яму сьвеце. Сам ён з Масквы, да прызыву жыў недзе на Садовым кольцы, таму з такой тугою ўспамінае маскоўскія вуліцы, Вялікі тэатар ды іншыя прыкметы сталічнага жыцьця.

22 [Кастрычнік]

«Ноч правёў у казарме-бараку. Холадна. Забіў вош. Сустракаю камузводу. Уражаньне маларазьвітага і ін. Сыходжу па лініі чыгункі.

Думкі, што віхор, думкі, што старонкі кнігі, — перакладаюцца, накладваюцца адна на другую, камечацца, скручваюцца, як папера на агні. Бязладзьдзе і сум, адзінота.

Усяго толькі дваццаць дзён таму я быў у Маскве. Жыў. Браў жыцьцё, а тут? Тут узяць няма чаго. Вышыні неба не зразумееш, і бясконцасьці сопак і пустаты ня схопіш. За сопкай сопка, за сопкай сопка — і так на тысячы кілямэтраў. Дзіка і неспасьціжна. Жыцьцё становіцца нікчэмным і непатрэбным.

Масква! Масква! Як далёкая і недасяжная».

Зь дзёньнікаў Івана Чысьцякова

— Што яшчэ вядома пра Івана Чысьцякова?

— Практычна нічога. Усю інфармацыю пра аўтара дзёньніка мы даведаемся ад яго самога. У сшытку, які, як я ўжо казала, апынуўся ў нас, у «Мэмарыяле», ёсьць заўвагі, зробленыя іншай рукой, зь якіх мы даведаемся, што Іван Пятровіч Чысьцякоў у 1941 годзе загінуў пад Тулай. Мабыць, хтосьці зь ягоных сваякоў зрабіў гэты запіс.

Чэкісты правяраюць працу зьняволеных БАМлага. 1930-я гг.

— Вы не размаўлялі зь ягонымі сваякамі?

— На жаль, мы ня ведаем, хто даслаў нам дзёньнікі. Прайшло амаль 25 гадоў, перш чым яны былі апублікаваныя, і, хутчэй за ўсё, адпраўніка ўжо няма на сьвеце. Пасьля публікацыі, якая адбылася ў 2014 годзе, мы атрымлівалі нямала водгукаў ад чытачоў, якія зацікавіліся лёсам гэтага чалавека і спрабавалі адшукаць яго сьляды. Нам дасылалі біяграфічныя спасылкі на Івана Пятровіча Чысьцякова, забітага ў баях пад Тулай. Але гэта аказаўся іншы чалавек, поўны цёзка аўтара, у якога была вялікая сям’я, дзеці. А ў тэксьце дзёньнікаў няма ніводнай згадкі пра сямʼю. Нават калі б сувязі зь сямʼёй у Чысьцякова былі зь нейкіх прычынаў разарваныя, такі рэфлексуючы чалавек абавязкова напісаў бы нешта пра свае перажываньні з гэтай нагоды. Не, пакуль што мы па-ранейшаму нічога пра яго ня ведаем. Але я ня страчваю надзеі, што кніга аднойчы трапіць у рукі каму-небудзь зь ягоных сваякоў, нашчадкаў людзей, якія яго ведалі, і тады гэтая таямніца адкрыецца.

— Дзёньнікі Чысьцякова перакладзеныя на некалькі эўрапейскіх моваў. Наколькі гэты тэкст цікавы чытачам за межамі Расеі?

— Ёсьць пераклады на ангельскую, францускую, італьянскую, чэскую, польскую, эстонскую і нямецкую. Зараз рыхтуецца гішпанскі пераклад. Тэкст выклікаў вялікую цікавасьць у выдаўцоў і чытачоў у Эўропе. Асабліва, мне здаецца, у Нямеччыне, дзе рэцэнзэнты адзначалі літаратурныя вартасьці тэксту і нават параўноўвалі яго з «калымскімі апавяданьнямі» Шаламава.

— Пры тым, што тут погляд на лягернае жыцьцё дадзены зь іншага боку.

— У трыццатыя гады бакі лёгка мяняліся. Мяжа паміж тымі, хто саджаў, і тымі, хто сядзеў, была вельмі хісткая. У гулагаўскай імпэрыі працы, якую пабудаваў Сталін, зьняволеныя нярэдка станавіліся начальнікамі. Успомніце Фрэнкеля, які быў начальнікам будаўніцтва БАМа, а да гэтага кіраваў будаўніцтвам Беламорканала. Сам ён у дваццатыя гады сядзеў у Салаўках. Прыкладаў шмат. У тым ліку і адваротных. Ахоўнікі лягераў самі адпраўляліся ў лягеры. Верагодна, гэта адбылося і з Іванам Чысьцяковым. Ягоны дзёньнік раптоўна абрываецца; хутчэй за ўсё, ён трапіў на другі бок. Я мяркую, што яго асудзілі на 3 гады за халатнасьць. Ён як афіцэр лягернай аховы павінен быў спыняць уцёкі зьняволеных і лавіць тых, хто ўцёк. Ад іхных уцёкаў залежыць яго лёс.

«Прыслалі малалетак — вашывыя, брудныя, распранутыя. Няма лазьні, няма, таму што нельга перавыдаткоўваць 60 руб. Што выйдзе па 1 кап. на чалавека. Кажуць пра барацьбу з уцёкамі. Шукаюць прычыны, ужываюць зброю, ня бачачы гэтых прычын у саміх сабе. Што тут — коснасьць, бюракратызм або шкодніцтва? Людзі босыя, разьдзетыя, а на складзе маецца ўсё. Не даюць і такім, якія хочуць і будуць працаваць, спасылаючыся на тое, што праматаюць. Дык не прамотваюць і не працуюць, а бягуць».

Зь дзёньніка Івана Чысьцякова

C самага пачатку дзёньніка ён піша, што адчувае сябе асуджаным, перакананы, што яму не выбрацца з БАМа. Ён адчувае пастаянны жах, які вылівае на старонкі дзёньніка.

«Эх, жыцьцё! Навошта ты сьмяесься зь людзей? Голыя нары, усюды шчыліны, сьнег на тых, хто сьпіць, дроў няма. Зборышча неспакойных людзей. Разумных, думаючых, спэцыялістаў. Лахманы, бруд ад грунту. Так, лёс гуляе чалавекам, а чалавек — нікчэмнасьць у лёсе.

Ноч ня сьпяць, дзень на працы, часьцяком у дзіравых чаравіках, у лапцях, без рукавіц, на халоднай ежы ў карʼеры. Увечары ў бараку зноў холад, зноў ноччу трызьненьне. Міжволі ўспамінаеш дом і цяпло. Міжволі ўсе і ўсё будуць вінаватыя, а гэта, бадай, дакладна».

Зь дзёньнікаў Івана Чысцякова

​У аўтара «Дзёньніка наглядчыка» было дзьве дакучлівыя ідэі — зьехаць у Расею ці пакончыць з сабой. Тэма самагубства ў той час была модным, страляліся многія — ад прыхільнікаў Сяргея Ясеніна да жонкі Сталіна. Магчыма, гэта была рэакцыя на дэпрэсію, якая паглынала савецкае грамадзтва. Рэакцыя на раздвоенасьць жыцьця: з аднаго боку — звонкая прапаганда і радасныя песьні, з другога — жахлівы побыт, бяспраўе, страх па начах ад таго, што сёньня або заўтра могуць прыйсьці па цябе. І як вынік — раздвоенасьць сьвядомасьці, ад якой пакутавалі абсалютна ўсё, ня толькі нікому не вядомы ахоўнік БАМлага Іван Чысьцякоў, але і вялікі паэт Пастэрнак. У дзёньніку Чысьцякоў піша пра сябе, што ён — шрубка страшнай машыны, і пры гэтым распавядае пра тое, як праводзіў палітінфармацыю на тэму «Сталінская канстытуцыя — самая прагрэсіўная ў сьвеце». Апісаньне кафкіянскай атмасфэры БАМлага робіць дзёньнік Чысьцякова вельмі важным дакумэнтам. Дзень за днём аўтар фіксуе працэс самазьнішчэньня шрубак сыстэмы.

БОЛЬШ ЧЫТАЦЬ ТУТ.