Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што падпісаў дакумэнт, які абмяжоўвае прадстаўленьне прытулку нелегальным мігрантам, якія прыбываюць у краіну празь мяжу зь Мэксыкай. Больш жорсткія правілы зьвязаныя з рухам у бок ЗША шматтысячнага каравану мігрантаў.
Паводле падпісанага ўказу, асобы, якія незаконна перайшлі мяжу ЗША з Мэксыкай, ня змогуць падаваць дакумэнты на статус уцекача ў ЗША.
Пры гэтым у дакумэнце адзначаецца, што ў мігрантаў-нелегалаў захоўваецца права «прасіць іншыя формы абароны ад перасьледу і катаваньняў».
Захады не закрануць дзяцей-іншаземцаў, якія трапілі на тэрыторыю краіны без суправаджэньня бацькоў.