Talaka расказала, чаму прыпыніла збор сродкаў і як будзе працаваць далей

Краўдфандынгавая плятформа Talaka.by, якая цяпер зьмяніла адрас на Talaka.org, патлумачыла, чаму апошні месяц працуе ня так, як раней: не бярэ новыя праекты і не ажыцьцяўляе збор сродкаў.

«Наш банк-партнэр нечакана вырашыў зачыніць плацёжны сэрвіс, празь які працаваў краўдфандынг. А даведаліся мы пра гэта менш, чым за месяц да анансаванага спыненьня яго работы.

Цяпер мы вядзем фінальныя перамовы з банкамі-партнэрамі. І спадзяемся зусім хутка парадаваць вас навінамі аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве і абноўленай сыстэме аплаты», — так тлумачаць прычыну часовага спыненьня працы ў афіцыйным паведамленьні Talaka.org.

Каманда «Талакі» папрасіла прабачэньня перад усімі карыстальнікамі, якія цяпер чакаюць запуску сваіх праектаў, а таксама анансавала 2 часовыя зьмены ў працу плятформы:

  1. Зьніжка ў 0.2% на камісію плятформы за кожны дзень чаканьня ад 7 лістапада, да дня запуску новай аплатнай сыстэмы. Атрыманы працэнт зьніжкі будзе адымацца з камісіі з рэальна сабраных сродкаў аўтара.
  2. Сыстэма «абяцанага плацяжу» ад 8 лістапада. Аўтары, якія цяпер чакаюць запуску новай аплатнай сыстэмы, змогуць разьмясьціць праекты на плятформе і пачаць іх прасоўваньне ўжо 8 лістапада. Донары змогуць «даць абяцаньне» на падтрымку праекту і выбраць яго грашовы эквівалент. Пасьля запуску новай сыстэмы донары ўжо фінансава пацьвердзяць свае «абяцаньні», а аўтары — атрымаюць «абяцаныя» сродкі на разьвіцьцё сваіх ідэй і прадуктаў. «Даць абяцаньне» донары могуць на старонцы праекту ва ўкладцы «Збор сродкаў».

Плятформа Talaka.by працуе з 2013 году. Першапачаткова яна запускалася, каб абмяркоўваць свае ідэі й шукаць аднадумцаў. А ў 2015 годзе на сайце адкрыўся разьдзел «Талакошт» — паўнавартасны краўдфандынг, дзе непасрэдна зьбіраюцца грошы на розныя праекты і сацыяльныя кампаніі.

На Talaka могуць разьмяшчацца самыя розныя праекты, з абсалютна любой сфэры: культура, экалёгія, мастацтва, сацыяльная сфэра, навука, адукацыя, эканоміка, крэатыў. Адзіным крытэрам зьяўляецца сацыяльная значнасьць праекту для людзей, важнасьць і цікавасьць для пэўнай супольнасьці.