Пры крушэньні вайсковага верталёта ў Аўганістане загінулі 25 чалавек

Ілюстрацыйнае фота. Вайсковы верталёт у правінцыі Фарах на захадзе Аўганістана

25 чалавек загінулі ў выніку крушэньня раніцай 31 кастрычніка вайсковага верталёта ў правінцыі Фарах на захадзе Аўганістана, паведамляюць Associated Press і Reuters.

На борце верталёта знаходзіліся высокапастаўленыя вайскоўцы і мясцовыя дэпутаты, у тым ліку кіраўнік рады правінцыі Фарах.

Насэр Мэхдзі, прэс-сакратар губэрнатара правінцыі, сказаў, што верталёт разьбіўся раніцай 31 кастрычніка неўзабаве пасьля ўзьлёту з высакагорнага раёну Анар Дара, калі накіроўваўся ў суседнюю правінцыю Герат.

Паводле чыноўніка, верталёт разьбіўся ва ўмовах дрэннага надвор’я. Між тым аўганскія СМІ паведамляюць, што баевікі руху «Талібан» узялі на сябе адказнасьць за інцыдэнт, заявіўшы, што зьбілі верталёт.