Расея вінаваціць ЗША ў спробе пагоршыць яе адносіны з Армэніяй

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан падчас выступу ў Армэніі, 25 кастрычніка 2018 году

Расея сьцьвярджае, што Вашынгтон намагаецца «ўбіць клін» паміж Масквой і Армэніяй. Міністэрства замежных справаў Расеі 29 кастрычніка заявіла, што на мінулым тыдні падчас візыту ў Ерэван дарадца прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан выступіў з завуаляваным заклікам да Армэніі.

Джон Болтан, як ідзецца ў заяве МЗС Расеі, «адкрыта пажадаў, каб Армэнія адмовілася ад гістарычных шаблёнаў у сваіх міжнародных дачыненьнях, і ня надта намагаўся прыхаваць той факт, што гэта ўключае традыцыйнае сяброўства Армэніі з Расеяй».

Армэнія цягам дзесяцігодзьдзяў мае шчыльныя сувязі з Расеяй, але пытаньні перагляду двухбаковых дачыненьняў ізноў актуалізаваліся пасьля таго, як бяскроўная рэвалюцыя на чале зь Ніколам Пашыньянам адхіліла ад улады прэм’ер-міністра Сержа Сарґсьяна, які лічыцца блізкім да Масквы.

Болтан падчас візыту ў Ерэван 25 кастрычніка заявіў, што абмеркаваў пытаньне пра магчымы продажы вайсковай тэхнікі ЗША ў Армэнію. У інтэрвію Радыё Свабода Болтан пазьней заявіў, што «выдатныя» пэрспэктывы Армэніі стаць «стабільнай дэмакратыяй» ёсьць «сапраўды фундамэнтальныя для Армэніі... каб не залежаць ад празьмернага замежнага ўплыву ці паддавацца яму».