Інданэзійскі самалёт Boeing кампаніі Lion Air пацярпеў крушэньне ў моры непадалёк ад вострава Суматра. Ён вылецеў каля 6.20 раніцы па мясцовым часе з аэрапорта Джакарты і праз 13 хвілінаў пасьля ўзьлёту зьнік з радараў, паведамляе агенцтва Reuters.
Паводле інфармацыі агенцтва, лайнэр Boeing 737 MAX 8, які выконваў рэйс JT-610 з Джакарты ў інданэзійскі горад Панкал-Пінанг, упаў у мора непадалёк ад вострава Суматра.
Улады Інданэзіі паведамляюць, што на борце самалёта знаходзіліся 188 чалавек.
Пачалася пошукава-выратавальная апэрацыя. Паведамленьняў аб тым, ці ўдалося некаму выратавацца, пакуль няма.
У авіякампаніі заявілі, што яшчэ ня маюць камэнтароў і спрабуюць «сабраць усю інфармацыю і дадзеныя».
Boeing 737 MAX — абноўленая вэрсія самалёта «Боінг», якая характарызуецца лепшай эфэктыўнасьцю выкарыстаньня паліва. Самалёты былі ўведзеныя ў эксплюатацыю ў 2017 годзе, і гэта першая аварыя з гэтай мадэльлю. Кампанія Boeing заявіла, што ведае пра паведамленьні з Інданэзіі і «старанна сочыць за сытуацыяй».
Інданэзія мае больш за 17 тысяч астравоў і актыўна выкарыстоўвае паветраны транспарт для ўнутраных перавозак. У апошнія гады ў краіне адбылося некалькі авіякатастроф.