Колькасьць ахвяраў у сынагозе ў ЗША ўзрасла да 11 чалавек

Дональд Трамп

Як найменш 11 чалавек загінулі і яшчэ пяцёра пацярпелі ў выніку страляніны ў сынагозе Пітсбургу, штат Пэнсыльванія, раніцай 27 кастрычніка. Reuters паведамляе пра гэта са спасылкай на праваахоўныя органы.

Падазроны — белы барадаты мужчына шчыльнана целаскладу, 46-гадовы жыхар Пітсбургу Робэрт Баўэрс — уварваўся ў сынагогу падчас суботняй рэлігійнай службы і пачаў страляць па наведвальніках. Крыніцы ў паліцыі распавялі тэлеканалу KDKA, што стралок крычаў: «Усе габрэі павінны загінуць».

Баўэрс, які добраахвотна здаўся паліцыі, знаходзіцца ў шпіталі з шматлікімі кулявымі раненьнямі. Яго стан ацэньваецца як стабільны.

Сярод параненых — чацьвёра паліцэйскіх, іх жыцьцё па-за небясьпекай. Аднак яшчэ двое пацярпелых, 61-гадовая жанчына і 70-гадовы мужчына — у крытычным стане.

Прэзыдэнту Дональду Трампу адразу ж павеламілі пра тое, што адбываецца. Ён напісаў у Твітары, што сочыць за разьвіцьцём сытуацыі, і заклікаў жыхароў навакольных раёнаў заставацца дома.

«Падобна, гаворка ідзе пра мноства пацярпелых... Блаславі ўсіх Гасподзь», — напісаў кіраўнік дзяржавы.

Днём у суботу Трамп заявіў у размове з журналістамі, што страляніна ў Пітсбургу «ня мае дачыненьня» да заканадаўства аб рэгуляваньні абароту зброі. Ён дадаў, што калі б у сынагозе была ахова, трагічных наступстваў можна было б пазьбегнуць.

Ён прапанаваў зрабіць больш жорсткім заканадаўства аб прымяненьні сьмяротнага пакараньня. Крыху пазьней, як паведамляе Reuters, Трамп заявіў, што «гэтае варварскае злачынства хутчэй за ўсё, было зьдзейсьненае на глебе антысэмітызму».