Паліцыя Нью-Ёрку выявіла падазроны пакет, накіраваны на імя рэжысэра і актора Роберта дэ Ніра. Калі канчаткова пацьвердзіцца, што ў пакеце самаробнае выбуховае прыстасаваньне, гэта будзе восьмы падобны выпадак за апошнія некалькі дзён.
Пакет быў накіраваны на адрас прадусарскай студыі дэ Ніра. У прамым эфіры тэлеканал CNN паказаў, як спэцыяльны аўтамабіль адвозіць пасылку, у якой, магчыма, знаходзіцца выбухоўка, зь месцам здарэньня.
HAPPENING NOW: NYPD responds to suspicious package at New York address associated with Robert DeNiro. https://t.co/quVqlCaMpo
— ABC News (@ABC) October 25, 2018
Раней сёньня Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў паведаміла яшчэ аб двух падазроных пасылках. Яны былі накіраваны кангрэсмэну Максіну Ўотэрсу.
#FBI Dir. Wray: “We ask anyone who may have information to contact the FBI. Do not hesitate to call; no piece of information is too small to help us in this investigation.”
— FBI (@FBI) October 24, 2018
У мінулыя дні стала вядома аб выбуховых прыладах, накіраваных Джорджу Сорасу, у дом Гілары і Біла Клінтанаў, у офіс Барака Абамы, былому генпракурору ЗША Эрыку Голдэру, кангрэсмэнцы Дэбі Васэрман Шульц ў Флорыдзе і ў нью-ёркскае бюро тэлеканалу CNN.
Пасланьне ў CNN прызначалася экс-кіраўніку ЦРУ Джону Брэнану. Тэлеканал NBC паведамляе, што на выбуховым прыстасаваньні намаляваны шарж са сьцягам тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава».
У выніку інцыдэнтаў ніхто не пацярпеў. Паводле інфармацыі агенцтва AP, самаробныя прылады ўтрымлівалі ў сабе невядомы парашок і аскепкі шкла. Паліцыя Нью-Ёрку паведаміла, што ў пасылак з бомбамі, верагодна, адзін і той жа адпраўнік.
Дональд Трамп адзначыў, што ў краіне пачата фэдэральнае расьсьледаваньне інцыдэнтаў.