У Рыме пасьля аварыі ў мэтро шпіталізавалі 15 расейцаў

У Рыме ў выніку аварыі эскалятара на станцыі мэтро «Рэспубліка», паводле ўдакладненых зьвестак, пацярпелі і былі шпіталізаваныя 15 расейцаў. Трое пацярпелых у цяжкім стане. Пра гэта «РИА Новости» паведаміў павераны ў справах амбасады Расеі ў Італіі Максім Бурляй.

Паводле інфармацыі расейскай амбасады, двое пацярпелых былі праапэраваныя.

Аварыя эскалятара ў рымскім мэтро адбылася ў аўторак увечары ў час пік. Большасьць пацярпелых — заўзятары ЦСКА, якія ехалі на матч маскоўскага клюбу і «Ромы» ў рамках групавога этапу Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Эскалятар набраў высокую хуткасьць, а затым рэзка спыніўся. Людзі літаральна «пасыпаліся» ўніз. Каб ня ўпасьці, адны скакалі на цэнтральную частку паміж эскалятарамі, іншыя спрабавалі чапляцца за поручні.

Пасьля аварыі пракуратура Рыму пачала сьледзтва. Гарадзкая служба транспарту таксама праводзіць праверку.