У Кітаі адкрылі самы вялікі ў сьвеце мост

У Кітаі адкрылі самы доўгі ў сьвеце мост праз мора, ён злучае Ганконг з мацерыком.

Цырымонія адкрыцьця адбылася 23 кастрычніка ў горадзе Чжухай у прысутнасьці прэзыдэнта Кітаю Сі Цзіньпіна.

Мост мае 55 кілямэтраў у даўжыню і злучае тры ключавыя прыбярэжныя гарады на поўдні Кітаю: Ганконг, Макао і Чжухай.

24 кастрычніка ён будзе адкрыты для рэгулярнага руху.

Мост, здольны вытрымаць землятрусы і тайфуны, быў пабудаваны з выкарыстаньнем 400 тысяч тон сталі. З такой колькасьці сталі можна пабудаваць 60 Эйфэлевых вежаў.

Мост уключае ў сябе падводны тунэль. Будаўніцтва моста пачалося каля 10 гадоў таму, суправаджалася шматлікімі затрымкамі і перавыдаткамі сродкаў. Агульны кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 20 млрд даляраў.

Акрамя таго, будаўніцтва моста суправаджалі праблемы зь бясьпекай. Як паведамлялася, 18 рабочых загінулі падчас будаўніцтва, яшчэ сотні былі параненыя.

Эколягі ж заявілі аб тым, што будаўніцтва моста можа нанесьці сур’ёзны ўрон марской экасыстэме, у прыватнасьці кітайскім белым дэльфінам, якія знаходзяцца пад пагрозай.