Рая Кульбак, дачка расстралянага паэта

Рая Кульбак, Тэль-Авіў, 22 ліпеня 2018

11 верасьня 1937 году ў дом № 4В на 2-м Апанскім завулку ў Менску прыйшлі без запрашэньня службовыя людзі, абшукалі кватэру, забралі з сабой дакумэнты, асабістую перапіску, нататнікі і арыштавалі гаспадара — паэта Мойшэ Кульбака.

Лёс ягоны вырашыўся хутка. Адразу пасьля арышту Кульбак як небясьпечны злачынец («актыўны ўдзельнік контррэвалюцыйнай трацкісцкай тэрарыстычнай арганізацыі і польскі агент») быў зьмешчаны пад варту ў менскую турму НКВД (будынак на плошчы Свабоды, дзе пазьней разьмяшчалася абласная ДАІ).

Ад 2-га завулку Апанскага застаўся гэты безыменны праезд у двары "Чырвонага дома на Танкавай"

28 верасьня адбылося закрытае паседжаньне выязной сэсіі ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР. Была зачытанае абвінаваўчае заключэньне, абвінавачаны сваёй віны не прызнаў, а ў сваім заключным слове сказаў, што больш дадаць ня мае чаго. Паседжаньне пачалося ў 10.30 і закончылася ў 10.45 зачытаньнем прысуду.

(тут і далей падаюцца выпісы з асабістай справы Мойшэ Кульбака, зробленыя менскай журналісткай Марыяй Канстанцінаўнай Андруковіч у архіве КДБ у прысутнасьці і з дазволу супрацоўніка КДБ)

ПРИГОВОР

28 октября 37-го года

Минск

Именем Союза Советских Социалистических Республик выездная сессия военной коллегии Верховного Суда СССР в составе: председательствующего Матулевича, членов Милявского, Зарянова при секретаре Кудрявцеве в закрытом судебном заседании в городе Минске 28 октября 1937 года, рассмотрев дело по обвинению Кульбака Моисея Соломоновича, 1880 года рождения, служащего, гражданина СССР, паспорт 09662, в преступлениях, предусмотренных ст. ст. 72, 76, 68, 69, 70 УК БССР (58/10, 58/6, 58/7, 58/8 УК Российской Федерации), и судебным следствием установлено, что подсудимый Кульбак в 28-м году был переброшен польскими разведорганами на территорию Белоруссии. Военная коллегия при суде Союза СССР приговорила Кульбака Моисея Соломоновича к высшей мере уголовного наказания — РАССТРЕЛУ с конфискацией лично принадлежащего ему имущества. Приговор окончательный, обжалованию не подлежит. На основании постановления ЦИК СССР от 1 сентября 34-го года подлежит немедленному исполнению.

СПРАВКА

Приговор о расстреле КУЛЬБАКА Моисея Соломоновича.

Приведен в исполнение в г. Минске 29.10.37 года. Акт о приведении приговора в исполнение хранится в Особом архиве 1 -го спецотдела НКВД, том 8, лист 155.

Начальник 12-го отделения 1-го спецотдела НКВД СССР лейтенант госбезопасности ШЕВЕЛЕВ

У лістападзе службовыя людзі прыйшлі зноў у дом на 2-м завулку Апанскага і гэтым разам арыштавалі жонку Мойшэ Кульбака Зэлду (Жэню). Яна — як і многія тысячы іншых жанчын — была асуджаная на 9 гадоў як жонка ворага народу і адбывала гэты тэрмін у сумна вядомым АЛЖЫРы (АЛЖИР — Акмолинский лагерь жен изменников Родины). Дома засталіся дзеці — 11-гадовы Эля і 3-гадовая Рая. Улады спагадліва здалі іх у дзіцячы дом.

«Я сядзела на лаўцы і раўла, і ніхто ня мог мяне супакоіць...»

Праз 81 год пасьля гэтых падзеяў мы сядзім з Раяй Кульбак у адной з кавярняў у комплексе старога тэль-авіўскага чыгуначнага вакзалу. Сьпякотны дзень асьвяжаецца ветрыкам з блізкага мора, і яна дзеліцца сваімі далёкімі і блізкімі ўспамінамі...

«Я памятаю сябе, напэўна, з трох гадоў — кажуць, чалавек наагул памятае сябе з 3-5 гадоў. Памятаю, як мяне памясьцілі ў дзіцячы дом — памятаю, я сядзела на лаўцы і раўла, усе да мяне падыходзілі і адыходзілі, і ніхто ня мог мяне супакоіць. Раўла, раўла і раўла. З усяго, што датычыць арышту бацькоў, я памятаю толькі гэта. Мяне было не спыніць... Больш я з тых часоў ня памятаю нічога...»

Пра тое, што адбылося зь дзецьмі далей, расказала жанчына з падобным лёсам — Іна Воінава. Яе бацькоў таксама арыштавалі а яе саму хацелі адправіць у дзіцячы дом, але яна пачала плакаць, бо баялася туды ісьці. Яе маці пасьпела папрасіць сяброўку — сястру Мойшэ Кульбака Тоню — забраць малую да сябе. У Тоні з мужам была і свая дачушка — Матуся.

Эля і Рая Кульбакі апынуліся ў розных дзіцячых дамах, але цётка Тоня прыклала нямала намаганьняў і адшукала пляменьнікаў — па некага зь іх яна езьдзіла нават ва Ўкраіну. Абаіх забрала зь дзіцячых дамоў, і так у яе з мужам замест адной дачкі цяпер было чацьвёра дзяцей, апрача гэтага жыла зь імі і хатняя прыслужніца Каця, якая прыехала да яе з Далёкага Ўсходу.

Эля Кульбак (уверсе), Іна Воінава, Рая Кульбак, Матуся Кроль, Менск, 1941

«Тоня была вялікай душы чалавек, — успамінала Іна Воінава. — Да ўсіх дзяцей яна і яе муж ставіліся аднолькава, нікога не вылучаючы. Як я цяпер разумею, матэрыяльна ёй было нялёгка: усё ж такі чацьвёра дзяцей, усіх трэба апрануць, абуць, накарміць. Але Тоня ніколі ня скардзілася на цяжкасьці».

Да самага пачатку вайны Іна, Матуся і Эля вучыліся ў школе, а Рая хадзіла ў дзіцячы садок. Летам 1941-га садок, у які хадзіла Рая, выехаў на дачы ў Ратамку, а старэйшыя дзеці меліся ў ліпені ехаць у піянэрскі лягер у Тальку.

Калі пачалася вайна, Менск бамбавалі зь першых дзён, вакол усё гарэла, трэба было ісьці з гораду. Тоня пабегла ў Ратамку, каб забраць Раю з дачы, але дзіцячы садок ужо эвакуавалі. Сям’я згубіла яе, але дзякуючы гэтаму маленькая Рая ўратавалася ад сьмерці...

Іна Воінава расказвае далей:

«Мы выйшлі зь Менску 26 ці 27 чэрвеня. Тоня ўзяла з сабой і сваіх старых бацькоў, якія жылі таксама ў Менску на Старавіленскай вуліцы. Таксама з намі пайшлі і два браты цёткі Жэні (жонкі М. Кульбака). Гэта былі маладыя, здаровыя мужчыны. Мы пайшлі з гораду пешшу па Магілёўскай шашы. Ішлі празь Сьмілавічы, Чэрвень і іншыя населеныя пункты. У дзень праходзілі па 20-25 кілямэтраў. Хутчэй ісьці не маглі, бо з намі ішлі старыя бацькі Тоні. Дзе-нідзе ўдавалася пасадзіць іх на фурманку і падвезьці, але, у асноўным, яны, як і мы, ішлі пешшу. Таму мы ніяк і нідзе не пасьпявалі на цягнік, каб паехаць на ўсход, эвакуавацца. Як толькі даходзілі да якой-небудзь чыгуначнай станцыі, нам казалі, што апошні эшалён з уцекачамі адышоў учора...

Так мы дайшлі да Клічава. Там па радыё даведаліся, што немцы нас ужо абагналі, што яны ўжо за Дняпром, хоць мы іх яшчэ ня бачылі, Клічаў знаходзіўся ў баку ад асноўных дарог, па якіх наступалі немцы. Тут, у Клічаве, у недабудаваным доме, мы пражылі 10-12 дзён. Далей ісьці наперад не было сэнсу».

Уцекачы вырашылі вярнуцца ў Менск. Празь некалькі дзён яны былі ў мястэчку Лапічы Асіповіцкага раёну. Там да іх дайшлі чуткі пра тое, што немцы арганізуюць у Менску гета і зганяюць у яго ўсіх яўрэяў. І яны засталіся жыць у Лапічах.

18 жніўня 1941 году мястэчка акружылі немцы і паліцаі, сабралі ўсіх мужчын-яўрэяў, вывелі іх у лес непадалёк ад мястэчка і расстралялі. У гэты дзень загінуў муж цёткі Тоні Іосіф Кроль і абодва браты Зэлды Кульбак. У мястэчку засталіся толькі жанчыны, дзеці і старыя.

«У студзені 1942 году паліцаі і немцы зноў ачапілі мястэчка і сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва ў тры дамы, — працягвае Іна Воінава. — Усе былі ўпэўненыя, што гэта канец. Але, пратрымаўшы людзей 2-3 гадзіны, раптам абвясьцілі, каб усе разышліся па хатах і прынесьлі адтуль цёплыя зімовыя рэчы, у каго што ёсьць... Потым казалі, што распусьцілі таму, што не прыехаў з Асіповічаў карны атрад. Але ў той дзень не адпусьцілі па рэчы мужчын-старых і некалькіх падлеткаў. Іх вывелі за ваколіцу мястэчка (чалавек 10-12) і расстралялі. Так загінуў бацька цёткі Тоні і Эля Кульбак (сын Мойшэ Кульбака). А жанчыны і дзеці яшчэ жылі да красавіка 1942 году. У красавіку прыбыў карны атрад з Асіповічаў, паліцаі і немцы ачапілі мястэчка, сабралі ўсіх жанчын, дзяцей, старых і ў той самы дзень расстралялі».

Сама Іна засталася ў жывых выпадкова. Калі да іх у дом прыйшлі немцы забіраць усіх, цётка Тоня сказала немцу, што зь імі жыве дзяўчынка, яна руская, а бацькі яе арыштаваныя. Тады немец загадаў Іне ісьці ў другую палову дома, дзе жыла руская сям’я. Так яна засталася жыць.

Сям'я Кульбакаў у Менску. Стаяць (зьлева направа): Ільля, Мойшэ, Жэня (Зэлда) - жонка Мойшэ, Фрыда, Ісэр. Сядзяць (зьлева направа): Вольф, Сіма - маці паэта, Эля - сын паэта, Шлоймэ - бацька паэта, Нэхама - жонка Ісэра з сынам Лёнем. (Ільля, Фрыда, Ісэр, Вольф - родная сястра і браты паэта)

Так ад вялікай сям’і менскіх Кульбакаў жывымі засталіся маленькая Рая, якую эвакуавалі ў тыл, і яе мама, якая адбывала 9-гадовы тэрмін у ГУЛАГу.

Адрас дзіцячага дома Рая запомніла на ўсё жыцьцё: станцыя Цімашава (Тимашево) Куйбышаўскай вобласьці, дзіцячы дом № 19:

«Нас, дзяцей, як я разумею, навучылі адрасу — раптам мы згубімся, ці што, каб мы гэта ведалі. А яшчэ ў мяне там, у дзіцячым доме, была апякунка — Вольга Аляксандраўна Адзінцова, маці дырэктаркі дому. Ня ведаю, чаму яна мяне выдзяляла сярод іншых. Там трымалі курачак, яны несьлі яйкі, і я мусіла кожны раз браць гэтыя яйкі і прыносіць ёй.

А быў там адзін хлопец, Раман Рачынскі, ён кожны раз ішоў за мной і прасіў даць яму яйка, а я ж не магла — Вольга Аляксандраўна ведала, колькі іх мусіць быць. І я яму па адным гэтыя яйкі давала... І што вы думаеце — пазьней я зь ім у Менску сустрэлася! У краме — я была з вазочкам зь першай дачкой, а ён быў з жонкай. Ох, як ён кінуўся да мяне: „Ты ўратавала мне жыцьцё!“ Мы блізка жылі адны ад адных, я жыла каля Парку Чалюскінцаў, на Калініна. І ён у краме ўсім прадавачкам расказваў, як я яму ўратавала жыцьцё...»

«Хачу жыць у Беларусі...»

Рая Кульбак з дачкой Тоняй

Мы сустрэліся з Раяй Кульбак у асаблівы дзень — 9-ты дзень месяца ава, нацыянальны дзень жалобы яўрэйскага народу, у гэты самы дзень былі разбураныя Першы і Другі ерусалімскія Храмы, а таксама адбыліся дзясяткі іншых трагічных падзеяў на працягу апошніх тысячагодзьдзяў яўрэйскай гісторыі. Мы нават баяліся, што кавярня, у якой мы дамовіліся сустрэцца, будзе зачыненая. Аднак Тэль-Авіў выглядаў як у звычайны вольны ад працы дзень, у кавярні людна, вакол бегаюць дзеці, жыцьцё працягваецца. А мы працягваем нашу размову.

— Як вас знайшла мама?

— Мяне знайшоў дзядзька Ільля, бацькаў брат, які жыў у Маскве. Мама ўжо была зь ім на сувязі — дзядзька Ільля знайшоў яе ў АЛЖЫРы, а пасьля знайшоў і мяне ў маім дзіцячым доме, мабыць, праз Чырвоны крыж — і таму мама ўжо ведала, дзе я.

— Вось жа мама пасьля васьмі гадоў лягеру і году «пасяленьня» вярнулася, але ёй — як і іншым людзям, што вярталіся з ГУЛАГу, не было дазволена жыць у вялікіх гарадах...

— Так, нельга было жыць у сталіцах і вялікіх гарадах, а таксама ў мясцовасьцях, дзе былі ваенныя аб’екты. Мы правялі некалькі дзён у Маскве, і там былі людзі, якія прапанавалі ёй пасяліцца ў Малахаўцы, у Падмаскоўі. А яна спыталася ў мяне: «Дзе ты хочаш жыць — у Малахаўцы ці ў Беларусі?» Ня ведаю чаму, але я сказала: «У Беларусі...» І ёй сказалі: «Голас дзіцяці — голас Божы!» І так мы паехалі ў Беларусь. З усёй сям’і, усіх нашых родных засталіся толькі мы з мамай.

Пасяліліся мы ў Барысаве. У Менск ехаць было нельга, а ў Барысаве ўжо былі людзі з АЛЖЫРу, іншыя ссыльныя, быў там і Майсей Герцавіч Пяткоўскі, матэматык, вучань Кульбака — мабыць, дзякуючы яму я і стала пасьля сама матэматыкам. Ім усім таксама нельга было жыць у Менску, таму сяліліся ў Барысаве або недзе побач.

— Як вам жылося — дачцэ рэпрэсаванага — сярод аднагодкаў у школе, у двары, у грамадзтве?

— Сярод сяброў жылося спакойна. Бо рэдка ў каго ў сям’і не было рэпрэсаваных. Сярод знаёмых пра мяне гэтага ніхто ня ведаў, або я так думала і проста гэтыя тэмы не закраналіся. А з афіцыйнымі асобамі я справы ня мела.

У Барысаве мы жылі на вуліцы Чырванасьцяжнай, каля 6-й школы. Я сканчала гэтую школу. Памятаю раку Бярэзіну — мы адкрывалі купальны сэзон 9 траўня, халаднюшчая вада была, ну а мы ж школьнікі...

— Што вы ведалі пра творчасьць вашага бацькі? Ці былі ў сям’і ягоныя кнігі?

Віленскае выданьне раманаў Кульбака, уратаванае Франкай Фрышман

— Фактычна кнігі былі ў мамы заўсёды, за выключэньнем гадоў, праведзеных у лягеры. Але гэта асобная гісторыя. У 1937 годзе ўсе яго кнігі былі выдаленыя зь бібліятэк, зьнішчаныя і забароненыя. І ўявіце сабе, двое супрацоўнікаў Дзяржаўнай бібліятэкі, аматары бацькавай творчасьці — імя і прозьвішча жанчыны я ведаю, Франка Фрышман — да вайны загадчыца польскім аддзелам бібліятэкі, а імя мужчыны ня ведаю — рызыкуючы свабодай і жыцьцём, не спалілі гэтыя кнігі, як было загадана. Франка іх захавала, хоць магла прынесьці непрыемнасьці і сям’і — у яе былі муж і сын. Даведаўшыся, што мая мама вярнулася зь лягеру, яна перадала ёй гэты неацэнны падарунак. І так ад пятай клясы школы я ведала пра бацькаву творчасьць амаль усё.

У мяне цяпер усе тыя восем кніг, я прынесла вам паказаць дзьве. Калі мы ўжо ляцелі ў Ізраіль, я баялася гэтыя кнігі нават у багаж здаваць — мы ўзялі іх з сабой у самалёт.

— Памятаеце справу Яўрэйскага антыфашысцкага камітэту, справу лекараў?

— Гэта я памятаю заўсёды і ніколі не забуду, бо гэта зьвязана і з маім бацькам. Калі арыштавалі бацьку, яго брат, Ільля Кульбак, пачаў пісаць у розныя інстанцыі з просьбай аб пераглядзе справы. У дачкі Ільлі - Цылі - захавалася пажоўклая ад часу копія такой заявы. Да гэтай заявы прыкладалася станоўчая характарыстыка на паэта і чалавека Мойшэ Кульбака.

Як вы думаеце, хто падпісаў гэтую характарыстыку? Правільна - будучыя члены Яўрэйскага антыфашысцкага камітэту: Лейб Квітко, Пэрэц Маркіш, Ехэзкель Дабрушын, Іцык Фэфэр, Самуіл Галкін, Іцхак Нусінаў, Аарон Кушнір. Да таго часу ўсе яны былі прызнанымі паэтамі, пісьменьнікамі і літаратарамі, узнагароджанымі рознымі ордэнамі Савецкага Саюзу. Вы разумееце, што значыла падпісаць, як казаў Мандэльштам, у «воўчым стагодзьдзі» такую станоўчую характарыстыку рэпрэсаванаму сябру!

Але яны гэта зрабілі! Прайшло крыху больш за дзесяць гадоў, і ўсіх іх таксама арыштавалі. Так загубілі цьвет яўрэйскай культуры!

У тыя часы пачалі паўторна саджаць тых, хто адседзеў ужо свой тэрмін. І мама перажывала за мяне — з кім я застануся? У нас у хаце за шпалерамі была схаваная даведка, што яна сядзела не па «сваёй» справе, а за бацьку — і яна часта мяне перапытвала, ці я не забылася, дзе схаваная тая даведка. Але нас гэтая доля абмінула, маму другі раз не арыштавалі.

Справа лекараў — «забойцы ў белых халатах». Кат стаяў на чале дзяржавы, вось і ўсё... Усе знаёмыя, усе навокал былі абураныя да крайняй мяжы. А што рабіць? Жанчынам, дзецям, старым — што рабіць? Абураліся ўсе, ня толькі яўрэі, але і беларусы — усе разумелі ў маім асяродзьдзі, школьныя сябры.

— Наколькі адчуваўся ў атмасфэры тых гадоў дзяржаўны антысэмітызм?

— Нейкай варожасьці, антысэмітызму навокал я не адчувала. Былі ў нас сябры і рускія, але найбольш беларусаў. У сваім коле, сярод сяброў, мы лічылі, што беларусы — самая цярпімая да яўрэяў нацыя. Яны таксама пакутавалі. Мы ж столькі жылі сярод беларусаў. Да вайны многія беларусы гаварылі на ідышы.

Напрыклад, паэт-перакладчык Язэп Семяжон ведаў ідыш. Ён нарадзіўся ў Пятровічах Смалявіцкага раёну, дзе і яўрэі і неяўрэі гаварылі на ідышы, гэта адна з прычын, што яго пераклады бацькавых твораў на беларускую мову адны зь лепшых.

Але былі і сярод беларусаў людзі-зьвяры: паліцаі, былі партызаны, якія не прымалі ў свае атрады яўрэяў і г. д. Пра гэта пісала і нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

— Значыць, вы скончылі школу ў Барысаве і...

— Калі я скончыла школу, мы з мамай пераехалі ў Віцебск, я паступіла там у інстытут, бо ў Менску не магла паступіць паводле сваіх анкетных дадзеных.

— І нават не спрабавалі?

— Не, не спрабавала. А мы і ня лезьлі на ражон — ведалі сваё месца. Ніхто з нашых не паступаў на гістарычны, на літаратурны — у Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце ў нас нікога не было. Я са сваімі дакумэнтамі паехала ў Віцебск паступаць на матэматычны факультэт пэдагагічнага інстытуту імя Кірава, і там ужо на маю анкету глядзелі скрозь пальцы. Там было пры паступленьні 9 ці 10 чалавек на месца, але было так проста паступіць: першым мы пісалі рускае сачыненьне — і амаль палова адразу паехала дадому. Пасьля матэматыку — і яшчэ амаль палова паехала дадому. А пасьля ўжо праходзілі ўсе, у каго быў добры атэстат. У мяне былі дзьве чацьвёркі — я адразу паступіла. Вельмі добры інстытут, у нас былі выдатныя выкладчыкі матэматыкі, фізыкі — яўрэі, беларусы, сярод іх былі і такія, што таксама адседзелі і ім нельга было выкладаць у БДУ.

Скончыла я інстытут і год адпрацавала ў вёсцы — вёска, дакладней мястэчка Ляды Дубровенскага раёну.

— Тыя самыя Ляды? Колішняя «сталіца» хасідызму, дзе жыў вялікі рабін Шнэур Залман?

— Тыя самыя! Калі мяне паслалі, я і ня ведала... Я вучылася добра, таму на разьмеркаваньні мяне выклікалі адну зь першых. А да таго нам паказалі месцы. А ў мамы быў сябар пісьменьнік Цодзік Львовіч Даўгапольскі, дык ён паглядзеў на сьпіс і кажа — едзь у Ляды! Але там нічога ад яўрэяў не засталося, усе загінулі ў Галакосьце.

І так я паехала ў Ляды. А старшыня калгасу ў тых Лядах быў Захар Абрамавіч Гутман, ён узяў нада мной шэфства, і я тры гады не адпрацавала — праз год мяне адпусьцілі. Там у нас быў вельмі добры настаўніцкі калектыў, усе мяне прасілі застацца.

— Вашага бацьку рэабілітавалі, калі вы яшчэ працавалі ў Лядах. Як гэта адбылося?

— Ведаеце, гэта ўсё адбылося так будзённа... Усе ж сядзелі безь віны. Усе ведалі, што ідзе рэабілітацыя. Мама напэўна атрымала нейкі ліст. І маму рэабілітавалі, і было цэлае кола яе сябровак з тым самым лёсам.

СПРАВКА ОБ ОТМЕНЕ ПРИГОВОРА И ПРЕКРАЩЕНИИ ДЕЛА

Верховный суд Союза ССР. Определение № 4 −019036/56.

Военная коллегия Верховного суда СССР в составе председательствующего полковника юстиции Семика и членов: полковника юстиции Сенина, полковника юстиции Лидина, рассмотрев в заседании от 15 декабря 56 г. заключение главного военного прокурора по делу Кульбака Моисея Соломоновича, 1890 года рождения, осужденного 28 октября 1937 года военной коллегией Верховного Суда СССР на основании статей 70/76 УК БССР к расстрелу с конфискацией имущества. Заслушав доклад тов. Семина и заключения помощника главного военного прокурора подполковника юстиции Серикова, установили: Кульбак признан виновным в том, что являлся участником антисоветской организации и агентом польской разведки. В заключении главного военного прокурора предлагается приговор в отношении Кульбака отменить и дело на него за отсутствием состава преступления прекратить, так как новым расследованием установлено, что он необоснованно признан виновным в контрреволюционной деятельности.

Рассмотрев материалы дела и находя заключение главного военного прокурора обоснованным, военная коллегия Верховного Суда СССР определила: приговор военной коллегии ВС СССР от 28 октября 1937 г. в отношении Кульбака Моисея Соломоновича по вновь открывшимся обстоятельствам отменить и дело на него за отсутствием состава преступления прекратить.

Председательствующий (подпись)
Члены (три подписи)

Пасьля рэабілітацыі мы прыехалі ў Менск. Спачатку нам выдзелілі пакой у двухпакаёвай кватэры, а пасьля мама зьвярнулася ў Саюз пісьменьнікаў, і ёй далі асобную кватэру. Праўда, аднапакаёвую — паводле нормы на нас дзьвюх. Былі яшчэ людзі, якія памяталі бацьку — Броўка, Лынькоў, Танк, усе яго ведалі. Да вайны мама сябравала з жонкамі Кандрата Крапівы і Янкі Купалы, яны сустракаліся.

— І пасьля рэабілітацыі пачаліся выданьні, перавыданьні, пераклады твораў Кульбака...

— Ну, не адразу. Але пачалі выдаваць. Мама зьвярталася да розных пісьменьнікаў, яе памяталі з даваенных часоў і добра да яе ставіліся. Старшынём Саюзу пісьменьнікаў быў Пятрусь Броўка. Я ведаю ўсё пра тое, як перакладаліся і выходзілі бацькавы кнігі ў СССР. Мы нават атрымлівалі за іх ганарары.

— Вы ўжо згадвалі пра Язэпа Семяжона — вы былі знаёмыя?

— Не, мы зь ім асабіста не кантактавалі, але ён кантактаваў з мамай. Ён падараваў мне сваю кніжку.

Памятаю творчы вечар, прысьвечаны памяці бацькі, на ім выступаў і Семяжон. Гэта было ў 1966-м, на бацькава 70-годзьдзе. І Броўка там быў. Вечар быў вельмі цёплы. І ведаеце — сабралася столькі народу, заля не магла ўмясьціць, такога беларускія пісьменьнікі ня ведалі, так усе пасьля казалі і пісалі. Я таксама на тым вечары была. Многім не хапіла месца ў залі. Гэта для Беларусі, беларускіх пісьменьнікаў было вялікае зьдзіўленьне, зусім нядаўна ўсё было пад забаронай — і раптам калі ласка!

Запрашэньне на вечарыну з нагоды 70-годзьдзя Мойшэ Кульбака, 1966. На ім - выдуманая НКВД дата сьмерці (1940)

Пасьля быў вечар Ізі Харыка, мы таксама дапамагалі пашыраць запрашальныя білеты, пайшлі і далей вечары яўрэйскіх пісьменьнікаў. Але тое, што рабілася тады на вечары Кульбака — ой што было!.. А тады ж ніякага інтэрнэту не было, гэта ж трэба было неяк перадаць інфармацыю — спрацавала «сарафаннае радыё».

Неба над Курапатамі

Мойшэ Кульбак з жонкай і сынам, Менск, 1929

У біяграфіі Мойшэ Кульбака застаецца яшчэ нямала няяснасьцяў. Дакладна ня вызначаная нават дата ягонага нараджэньня. У самых аўтарытэтных даведніках падаецца такая інфармацыя: «на сыходзе сьвята Пэйсах 1896 году», аднак гэтую дату расшыфроўваюць па-рознаму — і 13, і 20, і 25 сакавіка. Доўгі час паўсюль падавалася і выдуманая НКВД дата ягонай сьмерці.

Расказвае Рая Кульбак:

«Маму таксама рэабілітавалі ў 1956 годзе. Яе спроба ў 1957 годзе ўстанавіць дату сьмерці мужа і месца яго пахаваньня не прынесла вынікаў. Яна была на прыёме ў Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суду СССР, і там ёй сказалі, што дакладных дат сьмерці неабгрунтавана асуджаных у іх няма, і спыталі, ці задавальняе яе такая дата сьмерці мужа — 17 ліпеня 1940 году.

Выбару ў яе не было, яна згадзілася, і ёй выдалі даведку аб сьмерці. Гэтую даведку мама здала ў бюро ЗАГС г. Менску і на гэтай падставе атрымала пасьведчаньне аб сьмерці, у якім даты нараджэньня і сьмерці Мойшэ Кульбака пазначаны няправільна. Мама памерла 20 кастрычніка 1973 году і так і не даведалася, калі яе муж пакінуў гэты сьвет».

Падчас «перабудовы», калі ўжо дазволілі паведамляць праўдзівую дату сьмерці рэабілітаваных, Рая Кульбак зноў, як калісьці яе мама, зьвярнулася ў Ваенную калегію Вярхоўнага Суду СССР з просьбай паведаміць акалічнасьці, дату сьмерці і месца пахаваньня бацькі і атрымала адтуль адказ.

Военная Коллегия Верховного Суда Союза ССР
27 января 1989
№ 4н-019036/56

Кульбак P. M.
220012, г. Минск
Ленинский пр, д.91, кв. 21.

Сообщаю, что Кульбак Моисей Соломонович, 1890 года рождения, 28 октября 1937 года Военной коллегией Верховного Суда СССР осужден по ст. ст.70 и 76 УK БССР к расстрелу. Кульбак М. С. обвинялся в том, что он якобы являлся участником антисоветской организации и агентом польской разведки.

Проведенной в 1956 году дополнительной проверкой установлено, что Кульбак М. С. осужден необоснованно. 26 декабря 1956 года определением Военной коллегии Верховного Суда СССР Кульбак М. В. peaбилитирован посмертно. Приговор Военной коллегии Верховного Суда СССР от 28 октября 1937 г. в отношении осужденного к расстрелу Кульбака Моисея Соломоновича, 1890 года рождения, приведен в исполнение 29 октября 1937 года, о месте захоронения сведений не имеем.

Ранее сообщенные сведения о времени смерти Кульбака М. С. — вымышленные.

В 1956 году прекращенное дело на Кульбака М. С. хранилось в УКГБ по Витебской области.

Прошу принять искренние соболезнования в связи с трагедией постигшей Вас и Ваших близких вследствие необоснованного осуждения Кульбака Моисея Соломоновича.

НАЧАЛЬНИК СЕКРЕТАРИАТА ВОЕННОЙ КОЛЛЕГИИ ВЕРХОВНОГО СУДА СССР А.НИКОНОВ

«Ва ўрочышчы Курапаты на ўскраіне беларускай сталіцы, — расказвае Рая, — археолягі знайшлі месца масавых расстрэлаў вязьняў у сталінскі пэрыяд. Перад ад’ездам у Ізраіль мы з мужам пабывалі там — у яго там у 1938-м таксама расстралялі бацьку. І я адчувала, што апошнія хвіліны жыцьця бацька быў менавіта тут, у Курапатах. Я ўбачыла тое неба, якое ён, як цяпер аказалася, бачыў у сваё апошняе імгненьне...»

«Ва ўсе часы, амаль пры ўсіх уладах быць яўрэем было небясьпечна»

— Што значыла — быць яўрэйкай у паваенным Менску? Ці было ў Менску нейкае яўрэйскае жыцьцё? Рэлігія, сьвяты, традыцыі, кухня?

— Так, у Менску заўсёды было, як вы кажаце, «яўрэйскае жыцьцё», і ня толькі ў Менску. Яшчэ калі мы жылі ў Барысаве, у маёй найлепшай школьнай сяброўкі Мані Радашкевіч айчымам (ён жа быў і яе родным дзядзькам) быў адзін зь любавіцкіх рэбэ — Аўром Файвіш бэн Бэньямін Зархін, вельмі паважаны ў Барысаве чалавек, які чым мог дапамагаў людзям, хоць гэта пагражала яму сьмяротнай небясьпекай. Усе яўрэйскія сьвяты, а таксама вясельлі, бар-міцвы, бат-міцвы, якія ўлады не дазвалялі сьвяткаваць адкрыта, ладзіліся схавана, у вузкім коле. Усе ўдзельнікі разумелі, што гэта небясьпечна. Але ж ва ўсе часы, амаль пры ўсіх уладах (магчыма, гэта маё перабольшаньне) быць яўрэем было небясьпечна. І нягледзячы на гэта яўрэі захоўвалі і захавалі сваё яўрэйства.

— Мама з вамі гаварыла па-руску?

— Толькі па-руску. Мама працавала заўсёды на паўтары стаўкі. Тады ў тыдні быў адзін выходны дзень. Яе галоўны клопат быў апрануць і накарміць мяне. За маёй вучобай яна, вядома, сачыла.

— А на ідышы яна зь некім гаварыла?

— Ну вядома, са сваімі, з кім магла...

— А ў вас не было жаданьня навучыцца?

— Ну а што жаданьне — калі ласка, слухай, і цябе навучаць... Я ўжо ў Ізраілі хадзіла на курсы ў Дом Шолэма Алэйхэма. Выдатныя курсы, вельмі добрыя пэдагогі, у мяне была выкладчыца Рыўка Райт. Я хадзіла два гады, на ідышы пішу і чытаю.

Наогул беларуская мова і ідыш маюць нешта агульнае...

— А наколькі вы ў жыцьці сутыкаліся зь беларускай мовай?

— Я з 5-й да 10-й клясы вучыла яе ў школе, настаўнікам быў Самцэвіч Васіль Андрэевіч. Я прыехала з Масквы і пайшла ў 5-ую клясу. Усе ўжо ўмелі па-беларуску, а я нічога. Ой як ён мяне ганяў — больш чым чацьвёрку ніколі ня ставіў! Я ўсё разумела — дзякуючы яго навуцы. Ён пісаў падручнікі беларускай мовы. А ягоны любімы выраз быў: «Безь беларускай мовы і цьвіка ў сьценку не заб’еш!» Усе, хто ў яго вучыўся, ведаюць гэтую фразу.

Калі я хадзіла ў беларускі тэатар, я ўсё разумела — гэта было вялікае задавальненьне. Усё разумела, нават сама сабе дзівілася, бо ж у школе больш за чацьвёрку ніколі не атрымлівала.

— Які водгук мела Шасьцідзённая вайна 1967 году — што вы пра яе памятаеце? Ці слухалі радыё?

Рая Кульбак з мужам Максам Шавелем, Менск, 1960-я

— Так, слухалі. Мы ведалі ўсё. З тых дзён раскажу вам анэкдот: «Шлёма, ты чуў? Нашы зьбілі наш самалёт!»... Мае сябры і я вельмі ганарыліся Ізраілем. Макс, мой муж, слухаў усё. (Макс Шавель, муж Раі Кульбак — дзевяціразовы чэмпіён Беларусі ў міжнародных стоклетачных шашках і шматразовы чэмпіён у рускіх шашках. — С. Ш.) Ён прывёз зь Літвы транзыстарны прыёмнік ВЭФ, самую апошнюю марку. Усё слухаў і ўсё ведаў. Калі нам нешта трэба было — ён быў як энцыкляпэдыя, нікуды ня трэба было хадзіць. Усё заўсёды ведаў — і геаграфію, і гісторыю, і палітыку.

— А ён на ідышы гаварыў?

— Не... Гаварыў па-руску, па-беларуску, вучыў францускую і ангельскую. Калі мы ўжо былі ў Ізраілі, ён паехаў у Францыю на нейкія спаборніцтвы, і раптам бачыць — каля яго стала выстраілася чарга. Ён не разумее — што такое? Першы падыходзіць, паціскае яму руку і кажа: «Віншую вас зь пераездам у Ізраіль, я яўрэй з такой і такой краіны». І ўсе іншыя так падыходзілі і віншавалі...

— Калі вы пасьля Віцебску і Лядоў прыехалі ў Менск, чым вы займаліся, дзе працавалі?

— У Менску я пяць гадоў працавала ў школе, а пасьля скончыла курсы і пайшла працаваць праграмістам. Спачатку я працавала ў вылічальным цэнтры Дзяржпляну. Мы былі першыя праграмісты Савецкага Саюзу! Пасьля была праца ў вылічальным цэнтры Міністэрства аўтамабільнага транспарту, на заводзе Арджанікідзэ, а ў канцы я працавала ў Навукова-дасьледчым інстытуце тэхніка-эканамічных дасьледаваньняў у хімічнай прамысловасьці (НИИТЭХИМ). Мы езьдзілі ў камандзіроўкі і рабілі заданьні для маскоўскага КТБ (канструктарска-тэхналягічнае бюро).

— А на якой мове вы праграмавалі?

— Пачыналі з машыннай мовы, пасьля перайшлі на асэмблер, пасьля кабол і скончыла я на PL/1.

«Кульбака раптам усе пачынаюць чытаць — а я адчуваю такую горыч...»

— Калі і як вы прынялі рашэньне пераехаць у Ізраіль?

— Вядома, пра выезд мы думалі і раней. І як толькі быў дазволены афіцыйны выезд з СССР, мы вырашылі пераехаць. Я ведала яшчэ ў савецкія часы, што ў СССР былі падпольныя ульпаны — курсы, дзе тыя, хто зьбіраўся выехаць у Ізраіль, вучылі іўрыт. Але я ўжо вучылася ў афіцыйным ульпане пры БДУ.

Мы ведалі, што нам будзе нялёгка і гатовыя былі на любую працу. Па прыбыцьці ў Ізраіль у лістападзе 1990-га мы ўсе — я з мужам і дзьве дачкі з мужамі — пайшлі ў ульпан, вучылі іўрыт і прыкладна праз год усе ўжо працавалі паводле спэцыяльнасьці.

— Ці ведалі ў Ізраілі пра Мойшэ Кульбака?

— Так, у Ізраілі ведалі і любілі творчасьць Кульбака. Яго творы неаднаразова выходзілі ў перакладзе на іўрыт. У 1980-х гадах адзін з найлепшых ізраільскіх рэжысэраў Гілель Мітэльпункт напісаў сцэнар паводле матываў раману «Зэлмэняне» і паставіў на ідышы спэктакль у Хайфскім тэатры.

Праз 60 гадоў пасьля напісаньня п’есы «Разбойнік Бойтрэ», у 1995 годзе адзін зь вядучых тэатраў Ізраілю — Камэрны тэатр — паставіў гэтую п’есу. Пераклаў яе на іўрыт і паставіў спэктакль той самы Гілель Мітэльпункт.

Музыку да спэктаклю напісаў нанова Уры Відзіслаўскі, бо арыгінальная музыка Кульбака не захавалася. На прэм’еры спэктаклю прысутнічалі тагачасны міністар замежных справаў Шымон Пэрэс, тагачасная міністарка культуры Шуламіт Алоні, дэпутаты кнэсэту, аматары тэатру.

П'еса Мойшэ Кульбака "Бойтрэ" ў Камэрным тэатры. На фота справа: выканаўцы галоўных роляў Ёсі Полак і Ірына Селязьнёва і тагачасны міністар замежных справаў Шымон Пэрэс.

Наагул жа пра Беларусь і беларускіх яўрэяў у Ізраілі ведае той, хто гэтым цікавіцца. Афіцыйна па радыё і тэлевізіі пра Беларусь згадваюць, калі здараецца нешта надзвычайнае, як і пра іншыя краіны.

— Наколькі вы сочыце за цікавасьцю ў сьвеце да творчасьці Мойшэ Кульбака — за артыкуламі, дасьледаваньнямі, перакладамі ў розных краінах сьвету?

— Сачу заўсёды і ўвесь час, вядома, па меры магчымасьцяў.

— Што вы думаеце пра ўзрослую цікавасьць да творчасьці вашага бацькі ў Беларусі апошнімі гадамі? Якая вуліца ў Менску, па-вашаму, магла б насіць імя Кульбака? Дзе варта павесіць памятную шыльду?

— Я шчасьлівая, што гэта адбываецца яшчэ пры маім жыцьці. «Зэлмэнянаў» перавыдалі на расейскай мове ў Маскве, і нядаўна па-беларуску ў Менску. У ЗША ў Гарвардзкім унівэрсытэце на катэдры ўсходніх моваў, вывучаюць бацькаву творчасьць, кнігі Кульбака выходзілі і выходзяць у Нямеччыне, Францыі, Гішпаніі, Італіі, Польшчы.

Так, узрасла цікавасьць да творчасьці Кульбака і ў Беларусі, я не магу ня радавацца гэтаму, асабліва, калі даведваюся, што менавіта маладыя людзі, і не яўрэі, а беларусы, знаходзяць нешта блізкае для сябе ў творчасьці майго бацькі, яго перакладаюць, яго чытаюць і яго сьпяваюць...

А яшчэ цяпер, ведаеце, калі гэта ўсё ўзьнімаецца — Кульбака раптам усе пачынаюць чытаць — я адчуваю такую горыч... Забілі! Як маглі? Зьнішчылі ўсё, што маглі.

Наконт назвы вуліцы і памятнай дошкі зьвяртацца трэба не да мяне, а да тых, хто ўсьведамляе велічыню таленту і месца Мойшэ Кульбака ня толькі ў яўрэйскай, беларускай, літоўскай, але і ў сусьветнай паэзіі, прозе і драматургіі.

Калі Вы прапануеце выказаць маё прыватнае меркаваньне, то памятную дошку трэба павесіць — калі яе яшчэ няма — хаця б у Менску, на будынку Дома пісьменьнікаў са сьпісам імёнаў усіх бязьвінна забітых літаратараў.

Выданьні перакладаў кнігаў Мойшэ Кульбака

— Вы пражылі нялёгкае, поўнае стратаў і выпрабаваньняў жыцьцё. Ці сёньня вы можаце сказаць, што адчуваеце сябе шчасьлівай?

— Ведаеце, калі цябе закрануў 1937 год, Другая сусьветная вайна, і ты страціў амаль усіх родных і блізкіх — гэты цень стратаў будзе з табой заўсёды нягледзячы на ўсе папулярныя вучэньні як быць пасьпяховым і шчасьлівым Джона Кехо, Джо Дыспэнзы, Вадзіма Зеланда і іншых. Вядома, я думаю, быць пасьпяховым гэтыя кнігі навучаць, і нават быць шчасьлівым у нейкія пэрыяды. Але цень стратаў заўсёды са мной..

Так, у мяне цудоўная сям'я.

Так, бацькавы творы выдаюць. Толькі нядаўна выйшлі тры кнігі ў Нямеччыне, у Літве ўжо двойчы выдадзеная паэма «Вільня» на сямі мовах, вось цяпер выходзіць у вашым перакладзе на беларускую мову раман «Панядзелак», у Ізраілі выйшаў зборнік яго песень з аранжыроўкамі пад рэдакцыяй Р. Дрыкер.

«...як іскаркі золата зь цёмнай руды...»

На разьвітаньне я чытаю Раі Кульбак толькі што перакладзены Андрэем Хадановічам на беларускую мову верш Кульбака, які для самога аўтара быў вельмі важны — ім адкрываецца некалькі яго паэтычных зборнікаў:

Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых, агеньчыкаў мілых,
як іскаркі золата зь цёмнай руды.
Яўрэйскія словы, чародка галубак, галубак маіх чыстакрылых,
што ў сэрцы буркуюць, буркуюць заўжды.

«Яўрэйскія словы, іх білі, палілі, вешалі на шыбеніцах...» — адгукаецца Рая Кульбак і ў адказ чытае на памяць у арыгінале іншы верш, які нагадвае ёй карціны Шагала:

Your browser doesn’t support HTML5

Рая Кульбак чытае верш Мойшэ Кульбака "Заход сонца"

Заход сонца

Тут і там, і ўсім яна,
зьліва хмельная, відна,
свет бяз дна
чырвонага віна.
На заходзе сонны дзень
лье прамень, нібы струмень —
хваля цёплага сьвятла
падхапіла й пакрысе
сэрца ў неба падняла
і, зіхоткае, нясе
у ружовы ціхі сьвет,
у спакой — і мой настрой
адляцеў за імі ўсьлед,
і плыве, плыве, плыве
ў вечаровым харастве...
І ледзь чутна дапазна
я мурлыкаю матыў:
тра-ла-ла,
ціў-ціў-ціў,
на-на-на...

Тут і там, і ўсім яна,
зьліва хмельная, відна,
сьвет бяз дна
нябеснага віна.

(пераклад Андрэя Хадановіча)