Апошні дзень працы ўнікальнай выставы «Беларусь і Біблія» 

Фрагмэнт "Іліяды" Гамэра

21 кастрычніка ў музэі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі завяршае працу міжнародная выстава «Беларусь і Біблія», прысьвечаная самай вядомай і ўплывовай кнізе ў гісторыі чалавецтва.

Упершыню ў рамках адной экспазыцыі цягам месяца дэманстраваліся каштоўныя рарытэты, узрост якіх сягае 5 тысяч гадоў. У Беларусь яны прыбылі зь Вялікай Брытаніі, ЗША, Ізраіля, Карэі, з прыватных калекцый па ўсім сьвеце. Арганізатарамі імпрэзы выступілі Нацыянальная бібліятэка і амэрыканская некамэрцыйная арганізацыя «Група дасьледаваньня рукапісаў».

Намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша з наведнікамі

20 верасьня ў цырымоніі адкрыцьця выставы бралі ўдзел дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, першы прарэктар Інстытуту тэалёгіі імя сьвятых Мяфодзія і Кірыла пратаіерэй Сяргей Гардун, арцыбіскуп Менска-Магілёўскі, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дырэктар Групы дасьледаваньня рукапісаў Скот Кэрал, а таксама прадстаўнікі дыпляматычных місій, устаноў культуры, адукацыі, грамадзкіх арганізацый.

На выставе сабраныя ўнікальныя артэфакты, якія дагэтуль у Беларусі не экспанаваліся.

• арыгінальны рукапіс «бібліі Антычнасьці» — «Іліяда» Гамэра — папірус на грэцкай мове, напісаны яшчэ да нашай эры

• арыгінал гравюраў на біблейскія сюжэты Альбрэхта Дзюрэра, Сальвадора Далі і іншых знакамітых мастакоў

• скруткі Мёртвага мора (2 тысячы гадоў), якія захоўваюць самыя раньнія тэксты большасьці кніг Старога Запавету

• арыгіналы Біблій Гутэнберга, Лютара і Скарыны

• найстаражытнейшыя фрагмэнты Новага Запавету (2–3 стагодзьдзі нашай эры)

• біблейскія рукапісы на старажытных мовах: грэцкай, лацінскай, копцкай, самарыцянскай, армянскай, індыйскай, кітайскай

• першадрукі кніг многіх народаў, першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы, у тым ліку — на беларускую

• старажытныя беларускія біблейскія рукапісы і старадрукаваныя кнігі.

Чацьвёраэвангельле на армянскай мове

Цягам усяго месяца на выставе працавалі аніматары з розных краін, якія дапамагалі асвоіць друк на варштаце часоў Гутэнбэрга ды вярталі ў часы рукапіснай майстэрні. Для дзяцей працаваў «Клюб кніжных прафэсараў», а для дарослых ладзіліся навуковыя лекторыі ад замежных і беларускіх дасьледчыкаў.

Паводле кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, перамовы па арганізацыі выставы вяліся больш за год. Кошт асобных экспанатаў вымяряецца мільёнамі даляраў. Імпрэзу наведалі дзясяткі тысяч чалавек.