Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да 12 інтэрнэт-рэсурсаў

Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 12 інтэрнэт-рэсурсаў за неналежную рэкляму. Якія канкрэтна інтэрнэт-рэсурсы заблякаваныя, не паведамляецца.

«У адпаведнасьці зь пісьмовымі паведамленьнямі Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю і Мінгарвыканкама Міністэрства інфармацыі 18-19 кастрычніка прыняло рашэньне аб абмежаваньні доступу да 12 інтэрнэт-рэсурсаў за разьмяшчэньне неналежнай рэклямы», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Акрамя таго, абмежаваны доступ да шасьці старонак у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, на падставе якіх уступіла ў сілу рашэньне суда Кастрычніцкага раёна Віцебска.