Уладальнік бардэляў у Нэвадзе возьме ўдзел у выбарах пасьля сьмерці

Лас-Вэгас, найбуйнейшы горад у штаце Нэвада

Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі ў Палату прадстаўнікоў Нэвады Дэніс Гоф возьме ўдзел у выбарах нягледзячы на сваю сьмерць.

Цела 72-гадовага ўладальніка сеткі бардэляў было выяўлена 16 кастрычніка, а 20 кастрычніка ў штаце пачнецца датэрміновае галасаваньне, паведамляе Associated Press. Бюлетэні ўжо надрукаваныя і разасланыя, таму Гофа ня будуць выключаць з галасаваньня.

Гоф быў вядомы як галоўны герой дакумэнтальнага сэрыялу каналу HBO «Cathouse», дзе дакумэнталісты сачылі за працай ягонай сеткі бардэляў. Ён выйграў рэспубліканскія праймэрыз за права ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах у Джэймса Оскарсана, дзейнага прадстаўніка ў Палаце прадстаўнікоў Нэвады. На мінулых выходных Гоф сьвяткаваў дзень нараджэньня, ягонае цела было выяўленае ў аўторак, высьвятленьне абставінаў яго гібелі можа заняць да шасьці тыдняў.

Associated Press адзначае, што Гоф мае ўсе шанцы выйграць выбары ў сваёй акрузе нават пасьля сьмерці. У такім выпадку ягонае месца ў парлямэнце штату зойме кандыдат, прапанаваны рэспубліканцамі.