Супраць журналіста, які супрацоўнічае з расейскім каналам, завялі справу за Бандэру. ВІДЭА

Грэм Філіпс

Паліцыя Мюнхэна адкрыла справу пасьля акцыі брытанскага журналіста Грэма Філіпса на магіле ідэоляга ўкраінскага нацыяналістычнага руху Сьцяпана Бандэры. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйнай старонцы консульства Украіны ў Мюнхэне ў фэйсбуку.

«Інфармуем, што консульства зьвязалася з упраўленьнем паліцыі Мюнхэна з інфармацыяй аб дадзеным інцыдэнце і просьбай аб адпаведным рэагаваньні. У выніку была адкрытая справа і прынятыя неабходныя апэратыўна-сьледчыя і працэсуальныя дзеяньні», — адзначаецца ў заяве дыпляматаў.

15 кастрычніка, у дзень гадавіны сьмерці Сьцяпана Бандэры, брытанскі журналіст Грэм Філіпс, які супрацоўнічае з расейскім дзяржаўным каналам RT, разьмясьціў у сваіх сацыяльных сетках відэа зь яго магілы ў Мюнхэне. На відэа Філіпс мяняе ўкраінскі сьцяг на магіле на надпіс на ангельскай мове «Тут пахаваны ўкраінскі нацыст Сьцяпан Бандэра».

Сам Філіпс заявіў у твітары, што паліцыя Мюнхэна ня зьвязвалася зь ім. «Выпраўленьне нацызму — гэта не злачынства, а грамадзкая служба», заявіў ён.

Сьцяпан Бандэра — украінскі палітычны дзеяч, адзін з ідэолягаў і тэарэтыкаў украінскага нацыяналістычнага руху XX стагодзьдзя. У 1959 годзе ён быў забіты ў Мюнхэне агентам КДБ Багданам Сташынскім.