Кіраўнік Інтэрполу знайшоўся ў кітайскай турме і падаў у адстаўку

Мэн Хунвэй выступае на Міжнародным кангрэсе Інтэрполу ў Сынгапуры, 4 ліпеня 2017

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі Інтэрпол заявіла, што яе прэзыдэнт, грамадзянін Кітаю Мэн Хунвэй падаў у адстаўку, якая ўступае ў сілу неадкладна.

Іншых падрабязнасьцяў ў паведамленьні няма.

Яно зьявілася празь некалькі гадзін пасьля таго, як улады Кітаю пацьвердзілі затрыманьне Мэн Хунвэя, які быў прапаў у канцы верасьня.

Галоўная кітайская антыкарупцыйная структура, Дзяржаўная кантрольная камісія, у кароткім паведамленьні на адзін радок заявіла, што Мэн «цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам паводле падазрэньня ў парушэньні закону».

Штаб-кватэра Інтэрполу месьціцца ў Ліёне, там жыў і сам Мэн Хунвэй. Як заявілі ўлады КНР, ён падазраецца ў «злачыннай дзейнасьці» і быў узяты пад варту 25 верасьня ў Кітаі пры выхадзе з самалёта.

Паводле мясцовага заканадаўства, сваякоў затрыманых абавязаны папярэдзіць праз 24 гадзіны пасьля арышту, але паліцыя захоўвала маўчаньне і не камэнтавала прапажу Мэн Хунвэя.

Жонка кіраўніка Інтэрполу расказала, што за некалькі хвілін да страты сувязі з мужам яна атрымала зь яго тэлефона тэкст: «Чакай майго званка», а затым — эмодзі з выявай нажа. З таго часу сувязі зь ім не было.

Кітайскі высокапастаўлены чыноўнік заняў пасаду кіраўніка Інтэрполу ў 2016 годзе — да гэтага ён быў намесьнікам міністра грамадзкай бясьпекі Кітаю і меў значную палітычную вагу ў КНР.

Яго прызначэньне выклікала крытыку з боку праваабарончых арганізацыяў. Паводле дадзеных «Міжнароднай амністыі», Кітай выкарыстоўваў Інтэрпол, створаны для пошуку злачынцаў, для затрыманьня кітайскіх дысыдэнтаў, якія жывуць за мяжой.