Восем беларусаў пацярпелі ў аварыі ва Ўкраіне

Мікрааўтобус зь Беларусі, які трапіў у аварыю. 4 кастрычніка 2018 году

Восем грамадзян Беларусі пацярпелі ў выніку аўтамабільнай аварыі ў Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны. Пра гэта БЕЛТА паведаміў начальнік упраўленьня інфармацыі і лічбавай дыпляматыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз.

Аварыя адбылася прыкладна а 6-ай раніцы на 290 км аўтадарогі «Адэса-Кіеў», каля Крывога Возера Мікалаеўскай вобласьці, паведамляе афіцыйны сайт украінскай Нацыянальнай паліцыі ў Мікалаеўскай вобласьці. Мікрааўтобус «Мэрсэдэс-Бэнц Спрынтар» на беларускіх нумарах сутыкнуўся з грузавым пад'ёмным кранам Mitsubishi, які рухаўся наперадзе ў спадарожным кірунку.

Шэсьць грамадзян Беларусі ва ўзросьце ад 43-х да 66-ці гадоў (у тым ліку кіроўца мікрааўтобуса) і яшчэ адзін пасажыр, 30-гадовы жыхар Кіева, з траўмамі рознай ступені цяжкасьці дастаўленыя ў Крываазерскую цэнтральную раённую бальніцу. Паводле папярэдніх зьвестак МЗС, двое пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі. Яшчэ адзін пасажыр пасьля сутыкненьня перасеў у іншы аўтамабіль, інфармацыя пра яго стан пакуль невядомая.

На месцы здарэньня працуюць супрацоўнікі сьледча-апэратыўнай групы мясцовага аддзяленьня паліцыі, Сьледчага кіраваньня і крыміналісты. За сытуацыяй сочыць амбасада Беларусі ва Ўкраіне разам зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ДТЗ у Мікалаеўскай вобласьці загінулі 5 беларусаў, яшчэ 12 траўмаваныя

У ліпені 2018 года ў аварыі ў ДТЗ пад Мікалаевам ва Ўкраіне пацярпелі 9 грамадзян Беларусі: пяць чалавек загінулі і 12 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці. Супраць кіроўцы грузавіка, зь якім сутыкнуўся тады беларускі аўтобус, завялі крымінальную справу, яму пагражае да 12 гадоў турмы.

У той самы дзень 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, загінулі ў аварыі на трасе Кіеў-Чоп у Жытомірскай вобласьці, калі маршрутка ўрэзалася ў грузавік. Яшчэ 9 атрымалі траўмы. Пасьля гэтага Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заявіла аб узмацненьні захадаў бясьпекі на дарогах, асабліва пры пасажырскіх перавозках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ДТЗ у Мікалаеўскай вобласьці загінулі 5 беларусаў, яшчэ 12 траўмаваныя