ЗША разьлічваюць заключыць з Іранам новую зьдзелку, якая рэгулявала б ягоную ядзерную і балістычную праграмы. Пра гэта заявіў спэцпрадстаўнік ЗША па Іране Браян Гук падчас выступу ў Гудзонском інстытуце.
Паводле яго, перад гэтым Тэгеран павінен выканаць 12 патрабаваньняў, якія высунуў Вашынгтон пасьля выхаду з ранейшага пагадненьня. Як вынікае зь яго заявы, новая дамоўленасьць — у адрозьненьне ад той, што была заключаная падчас кіраўніцтва Барака Абамы — павінна быць падтрыманая Кангрэсам.
Адпаведныя патрабаваньні да іранскіх уладаў у траўні выкладаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. У іх ліку — поўнае раскрыцьцё вайсковай праграмы экспэртам МАГАТЭ, спыненьне ўзбагачэньня ўрану, а таксама распрацоўкі і распаўсюджваньня балістычных ракет, здольных несьці ядзерныя боегалоўкі.
Раней Тэгеран прыгразіў выйсьці зь ядзернай угоды са значна больш разьвітай атамнай праграмай, чым раней. Іранскія ўлады ўпэўненыя, што змогуць пабудаваць новыя цэнтрыфугі, якія дазволяць узбагачаць уран — ключавы кампанэнт ядзернай бомбы — у пяць-дзесяць разоў хутчэй у параўнаньні зь цяперашняй сытуацыяй. У Тэгеране лічаць, што змогуць вытрымаць новы санкцыйны ціск, у тым ліку эмбарга на экспарт нафты, якое ўступіць у сілу ў лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран пагражае выйсьці з ядзернай угоды і «страчвае надзею» на ЭўразьвязУ канцы жніўня амбасадар ЗША ў ААН Нікі Хэйлі заклікала іншыя краіны адрэзаць Іран ад фінансаваньня, каб не дазволіць яму аднойчы стварыць ядзерную зброю.
У пачатку траўня Трамп выйшаў з Сумеснага ўсёабдымнага пляну дзеяньняў, заключанага з Іранам, Расеяй, Кітаем, Вялікабрытаніяй, Францыяй і Нямеччынай у 2015 годзе. Дакумэнт прадугледжваў абмежаваньне ядзернай праграмы Тэгерану ў абмен на адмену санкцый. Пасьля дэмаршу ЗША Эўразьвяз падтрымаў Тэгеран і паабяцаў прыняць меры для абароны ад аднабаковых амэрыканскіх санкцыяў супраць такіх краін, як Іран і Расея. Нягледзячы на гэта, шэраг эўрапейскіх кампаніяў пакідаюць Ісламскую Рэспубліку з-за боязі амэрыканскіх санкцыяў.