Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі Эла Памфілава прапанавала прызнаць выбары губэрнатара Прыморскага краю несапраўднымі. Пра гэта яна заявіла ў сераду на пасяджэньні ЦВК, перадае Інтэрфакс.
Паводле словаў Памфілавай, аналіз дадзеных, якімі ўжо валодае Цэнтрвыбаркам, дазваляе прыняць рашэньне не адкладаючы. Новыя выбары ў гэтым выпадку будуць прызначаныя праз тры месяцы, заявіла кіраўнік ЦВК.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў сёньня заявіў, што Крэмль падтрымлівае пазыцыю Цэнтрвыбаркаму. Пры гэтым ён спаслаўся на словы кіраўніка дзяржавы «аб прыярытэтнасьці чысьціні і справядлівасьці выбараў».
Часова выконваючы абавязкі кіраўніка Прыморскага краю Андрэй Тарасенка заявіў, што ня будзе ўдзельнічаць у новых выбарах, калі іх прызначаць. Аднак пазьней, выступаючы на мітынгу «Адзінай Расеі» ва Ўладзівастоку, заявіў, што «трэба ісьці на трэці тур».
Кандыдат ад КПРФ Андрэй Ішчанка выступіў супраць магчымай адмены вынікаў выбараў губэрнатара Прымор’я. Але пазьней таксама паведаміў, што прыме ўдзел у новых выбарах, калі яны будуць прызначаныя.
Другі тур выбараў губэрнатара Прыморскага краю адбыўся 16 верасьня. На працягу амаль усяго пэрыяду падліку галасоў з адрывам 5-6 адсоткаў лідзіраваў кандыдат ад КПРФ Андрэй Ішчанка. Аднак раніцай у панядзелак высьветлілася, што, паводле папярэдніх вынікаў, перамог кандыдат ад «Адзінай Расеі» Андрэй Тарасенка.
Ішчанка заявіў, што на карысьць яго суперніка было «ўкінута» да 40 тысяч галасоў.
Ад 17 верасьня ва Ўладзівастоку праходзяць стыхійныя акцыі супраць фальсыфікацый на выбарах губэрнатара Прымор’я.
У сераду ва Ўладзівасток прыбыла спэцыяльная камісія Цэнтрвыбаркаму, якая правярае паведамленьні аб парушэньнях на выбарах.