Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у аўторак абвінаваціў Кітай у актыўным умяшаньні ў амэрыканскія выбары, аднак не прывёў ніякіх сьведчаньняў, якія пацьвярджаюць яго сьцьвярджэньне.
Імаверна, заяву Трампа варта разглядаць у кантэксьце з працягам гандлёвых перамоваў паміж ЗША і Кітаем.
«Кітай адкрыта заяўляў, што актыўна спрабуе паўплываць на нашы выбары і зьмяніць (іх вынікі), атакуючы нашых фэрмэраў, жывёлаводаў і індустрыяльных рабочых з прычыны іх ляяльнасьці ў адносінах да мяне», — напісаў Трамп ў «Твітэры».
Тым часам міністар гандлю ЗША Уілбур Рос заявіў, што далейшыя крокі ў гандлёвых перамовах паміж двума краінамі залежаць ад кітайскага боку.
Словы міністра прагучалі ў сувязі з заявай Пэкіна аб адказных мерах на павышэньне прэзыдэнтам Трампам новых тарыфаў на кітайскія тавары.
Новыя тарыфы ўводзяцца на імпарт кітайскіх тавараў на суму 200 мільярдаў даляраў. Новыя пошліны, якія пачнуць спаганяцца 24 верасьня спачатку складуць 10 адсоткаў, а 1 студзеня 2019 года ўзрастуць да 25 адсоткаў.