Француз фатаграфаваў Савецкі Саюз. КДБ фатаграфаваў яго

Роўна 55 гадоў таму — у верасьні 1963 году — з кіеўскага аэрапорта ў неба падняўся самалёт. Ён накіроўваўся ў Вену. На яго борце быў грамадзянін Францыі Жульен Галеаці, якому за два дні да гэтага абвясьцілі аб выдварэньні з Савецкага Саюзу па абвінавачванні ў шпіянажы.

Гісторыя Галеаці пачалася ў 1955 годзе. Тады ён упершыню прыехаў у Савецкі Саюз зь Ніцы. Нібыта ў якасьці турыста супрацоўнік францускага тэлебачаньня наведаў Маскву і Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург), але адразу ж прыцягнуў да сябе пільную ўвагу КДБ. Паводле дакумэнтаў, копіі якіх ёсьць ва ўкраінскай службы Радыё Свабода, апэратыўнікі западозрылі, што Галеаці — шпіён. Яму далі мянушку «Вусач».

Жульен Галеаці

У КДБ лічылі, што Галеаці нібыта спрабаваў незаўважна рабіць у СССР «кампрамэтуючыя кадры» для «дыскрэдытацыі і высьмейваньня ім жа наўмысна створаных выродлівых вобразаў і малазначных бакоў» савецкага жыцьця. Усё таму, што ён часта адставаў ад турыстычнай групы і самастойна гуляў па горадзе, робячы фатаграфіі, якія «кампрамэтуюць савецкую ўладу», а таксама спрабаваў фатаграфаваць прамысловыя і іншыя аб’екты.

Напрыклад, пазьней скажуць, што на гэтай фатаграфіі, зробленай Галеаці ў Маскве каля будынка дзяржаўнага унівэрсытэту, «відавочна французы, якія пазіруюць як беспрацоўныя».

Наступны раз у СССР Галеаці прыехаў у 1956 годзе. Гэтым разам для падарожжа ён абраў круізны рэйс зь Ніцы, сярод пунктаў прызначэньня якога была і Адэса.

Фатаграфія чаргі ў Адэсе

У КДБ сачылі за кожным яго крокам. У Радыё Свабода ёсьць выпіска са зводкі вонкавага назіраньня за Галеаці ў Адэсе з 12 жнiўня 1957 году:

«Пасьля мітынгу Галеаці прыйшоў на вакзал, убачыўшы бабульку, якая сядзела на клунках, сфатаграфаваў яе. Затым ён сфатаграфаваў чаргу на тралейбус і таксі. Прыйшоў на Кастрычніцкі рынак, дзе сфатаграфаваў жабрака мужчыну. Спыніўшыся ў чарзе, сфатаграфаваў ваенна-марскую гавань. У 14.00 прыйшоў у двор дома № 59 па вул. Леніна і сфатаграфаваў сьмецьцевую скрыню. Ідучы па вул. Правазной, ён фатаграфаваў бедна апранутых грамадзян».

На прыпынку грамадзкага транспарту ў Адэсе

Савецкі танк Т-34-85 у Адэсе

Адэскі дворык

Жанчына разглядае вітрыну са сподняй бялізнай у Адэсе

Адэскі рынак

Пажылы адэсіт

Акрамя Адэсы ў 1956 годзе Галеаці таксама наведаў Севастопаль, Ялту, Сочы і Батумі. Аналягічныя марскія круізныя рэйсы ён зьдзейсьніў у 1957-м, 1959-м, 1961-м і 1963-м гадах.

Савецкія вайскоўцы на фоне Вялікага Пэтэргофскага палаца

Савецкія спэцслужбы сачылі за французам ня толькі на сушы, але і ў час яго знаходжаньня на круізных ляйнэрах. У сваіх рапартах яны паведамлялі аб тым, што Галеаці меў магчымасьць мець зносіны з усімі турыстамі, назіраў за чальцамі экіпажу, а таксама займаў падчас рэйсаў «выгадныя пазыцыі» і вывучаў паводзіны іншых турыстаў.

Машыністка ў Адэсе

Паводле зьвестак КДБістаў, з кіраўнікамі круізаў француз меў сяброўскія адносіны, ажыцьцяўляў назіраньне і вывучаў прадстаўнікоў савецкай адміністрацыі, дэманстраваў цікавасьць да шэрагу партоў СССР і наяўнасьці ў іх вайсковай тэхнікі, а таксама быў ініцыятарам выстаў і маскарадаў антысавецкага зьместу на бартах круізных караблёў.

Адэскі рынак

Гэта цытата з агентурнага данясеньня агента «Сьміта» з 18 жнiўня 1960 году:

«Крыніца асабіста быў сьведкам таго, як Кантэль [француз, пасажыр ляйнэра, якога таксама падазравалі ў шпіянажы — РС] і Галеаці пераканалі турыста выступіць распранутым ў адных трусах на маскарадзе з рускім надпісам «Перамога» на грудзях, падбітым, скалечаным, без нагі. […] Сустрэча францускіх і рускіх афіцэраў, арганізаваная па іх жа задуме, паказвае рускага афіцэра як тупога, вымуштраваць ваяку, ня здольнага думаць, пазбаўленага пачуцьцяў ўспрыманьня навакольнага, надзьмутага, манекена, які стаіць па камандзе "зважай"».

Жанчыны на фоне Севастопальскай затокі

Чарговы раз Галеаці трапіў у Севастопаль у 1963 годзе. Тут яго ўжо чакала брыгада назіраньня з фотаапаратамі, а ў месцах «найбольш верагоднага фатаграфаваньня» — у Графскай прыстані, напрыклад, — былі групы дружыньнікаў на чале з апэратыўнымі работнікамі. Акрамя таго, для затрыманьня Галеаці і «правядзеньня адпаведнай працы зь ім» падрыхтавалі апэратыўную групу.

Затока Севастопалю

Супрацоўнікі КДБ сачылі за Галеаці і самі фатаграфавалі француза.

Падставай для затрыманьня Галеаці агенты назвалі «заявы савецкіх грамадзян», напрыклад, ліст капітана аднаго з круізных ляйнэраў, на якім падарожнічаў француз.

Калі апэратыўнікі затрымалі Галеаці ў 1963 годзе, фатастужак ў яго не знайшлі. Аказалася, што ён пасьпеў перадаць іх прадстаўніку турфірмы Жан-П’еру Артату, які, даведаўшыся аб арышце француза, спалохаўся і схаваў іх у адным зь сядзеньняў аўтобуса «Інтурыст», а сам, вярнуўшыся на судна, на працягу ўсяго далейшага круізу не сыходзіў на бераг.

Пасьля затрыманьня Галеаці павезьлі ў Сымфэропаль, а затым у Кіеў, дзе пачалі праводзіць працу па яго выкрыцьцю як францускага шпіёна.

Фатаграфія Галеаці, зробленая спэцагентам падчас сачэньня за французам. Прыморскі бульвар, Севастопаль

Спачатку Галеаці запэўніваў апэратыўнікаў, што ён ня быў агентам францускай выведкі і ўсе фатаграфіі рабіў выключна па ўласнай ініцыятыве. Але пазьней распавёў, што са спэцслужбай Францыі ўсё ж супрацоўнічаў, але толькі падчас апошняй паездкі ў СССР. Ён выконваў загад інспэктара Робэрта Ляканьера, фатаграфуючы вайсковыя аб’екты ў Севастопалі. Яшчэ пазьней іншаземец прызнаўся: падобныя заданьні выконваў, пачынаючы зь першага свайго візыту ў СССР у 1956 годзе. Вярнуўшыся дадому, усе зробленыя фатаграфіі ён перадаваў у фотаатэлье свайго бацькі, былога супрацоўніка францускай выведкі, дзе зь імі знаёміліся прадстаўнікі спэцслужбаў.

Галеаці на Гістарычным бульвары ў Севастопалі. Фатаграфія зробленая падчас сачэньня

У дакладах супрацоўнікаў савецкіх спэцслужбаў напісана, што Галеаці «раскайваўся ў зробленым, запэўніваючы, што дапусьціў памылку ў жыцьці, якую больш не паўторыць».

Галеаці паведамілі пра рашэньне прымусова выдварыць яго з Савецкага Саюзу 9 верасьня 1963-га. Прычына — шпіёнская дзейнасьць. Пры гэтым у КДБ вырашылі не заводзіць супраць яго крымінальную справу.

«Улічваючы, што ў гэты самы пэрыяд у Францыі праваліліся два афіцыйныя супрацоўнікі органаў КДБ, было прынята рашэньне не прыцягваць Галеаці да крымінальнай адказнасьці, а выкарыстаць становішча ў больш мэтазгодным пляне, абмежаваўшыся яго выгнаньнем з СССР», — гаварылася ў дакумэнтах у справе Галеаці.

Чарга па квас, Адэса

Продаж прахаладжальных напояў у Адэсе

Савецкі вайсковец на прыступках Пэтэргофу

Вонкавае назіраньне за французам КДБ не спыняў да таго часу, пакуль самалёт зь ім не ўзьляцеў у паветра. Акрамя фатаздымкаў апэратыўнікі зьнялі цэлы дакумэнтальны фільм пра Галеаці.

Апынуўшыся на радзіме, у адным з інтэрвію француз сказаў: «Я не магу больш езьдзіць у СССР, але ў мяне няма вялікага жаданьня гэтага рабіць».

Арыгінал артыкулу чытайце на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.