У Іране затрымалі двух супрацоўнікаў тэатру за пастаноўку п’есы Ўільяма Шэксьпіра «Сон ў купалаўскую ноч». Паводле ўладаў, спэктакль супярэчыць законам Ісламскай Рэспублікі, паведамляе Associated Press. Па рашэньні суду былі арыштаваныя рэжысэр-пастаноўшчык Мар’ям Казэмі і мэнэджэр Саід Асад.
Іх узялі пад варту ў нядзелю ўвечары — пасьля трансьляцыі ў інтэрнэце відэароліка, які дэманструе ход працы над пастаноўкай. У міністэрстве культуры паведамілі, што затрыманых потым выпусьцілі пад заклад у памеры 24 тысяч даляраў для кожнага.
Разьмешчаны ў сацыяльных сетках ролік паказвае акторак і актораў, якія танцуюць. Іранскае заканадаўства забараняе такое гендэрнае зьмешваньне, а таксама публічныя танцы ў выкананьні жанчын.
Прысьвечаная любоўным гісторыям камэдыя Шэксьпіра выконвалася на іранскай сцэне на працягу сямі дзён аж да арыштаў. «Сон у купалаўскую ноч» — адзін з самых папулярных твораў ангельскага драматурга. Яго ставяць тэатральныя групы па ўсім сьвеце.
Улады Ірану афіцыйна адпрэчваюць заходнюю культуру. Так, у ліпені была затрыманая дзяўчынка-падлетак Мадэха Хаджабры за разьмяшчэньне відэароліка ў інтэрнэце. У 2014 годзе іранскі суд прыгаварыў шэсьць юнакоў і дзяўчат да ўмоўных тэрмінаў пазбаўленьня волі за тое, што яны зьняліся ў кліпе да песьні «Happy» амэрыканскага сьпевака Фэрэла Ўільямса.