ЗША пагражаюць санкцыямі Гаагскаму трыбуналу

Будынак Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе

Адміністрацыя Дональда Трампа ў панядзелак, як чакаецца, выступіць з пагрозай санкцый у дачыненьні да судзьдзяў Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе — з прычыны яго гатоўнасьці расьсьледаваць меркаваныя злачынствы, учыненыя вайскоўцамі ЗША ў Афганістане.

Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на праект выступу дарадцы Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана.

У сваёй прамове ў Вашынгтоне Болтан, як чакаецца скажа, што ЗША разарвуць усялякія адносіны з Гаагскім судом, а таксама прыменяць усе сродкі для абароны амэрыканцаў і іх саюзьнікаў ад «несправядлівага судовага перасьледу гэтага незаконнага суду».

Вашынгтон можа забараніць судзьдзям і пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда ўяжджаць у Амэрыку, замарозіць іх актывы ў краіне, а таксама арганізаваць супраць іх крымінальныя перасьледы. Белы дом мае намер праз Раду бясьпекі ААН адабраць у суда права перасьледаваць грамадзян ЗША і саюзных дзяржаў.