Пасьля выбараў у Швэцыі складана будзе стварыць урад

Лідэр «Швэдзкіх дэмакратаў» Імі Окесан

У Швэцыі на парлямэнцкіх выбарах, якія адбыліся ў нядзелю, амаль пароўну галасы паміж сабой падзялілі Альянс правацэнтрысцкіх партый (39,6 %) і кіроўны чырвона-зялёны блёк, у які ўваходзяць сацыял-дэмакраты, Партыя зялёных і Левая партыя (39,4 %).

Правая партыя «Швэдзкія дэмакраты» набрала больш за 17 адсоткаў галасоў выбарнікаў. Гэта найлепшы вынік у гісторыі партыі. Яна вядомая сваёй антыэўрапейскай пазыцыяй, выступае за ўзмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі.

Посьпех «Швэдзкіх дэмакратаў» сур’ёзна абцяжарвае фармаваньне ўраду, паколькі ані левацэнтрысцкая кааліцыя на чале з сацыял-дэмакратамі, ані правацэнтрысты ня будуць мець у парлямэнце абсалютнай большасьці, а ўступаць у кааліцыю з правымі папулістамі ніхто ня хоча.